У Гародні дамогся рэгістрацыі кандыдатам яшчэ адзін самавылучэнец



Гарадзенскі суд абавязаў зарэгістраваць яшчэ аднаго самавылучэнца. Па выніках паседжання Гарадзенскага абласнога суда Максім Штэйнвальд зарэгістраваны  кандыдатам у дэпутаты на сёлетніх выбарах. Першапачаткова самавылучэнцу адмовілі ў рэгістрацыі з-за незаверанай копіі працоўнай кніжкі. Як адзначае абураны кандыдат, прэтэнзій з боку камісіі ў дачыненні да іншых незавераных дакументаў не ўзнікала.

— У Выбарчым кодэксе выразна ўсё прапісана: копія працоўнай кніжкі, копія пашпарта. Там не напісана, як я яе павінен завяраць. Таму, што яны ад мяне асабіста хацелі? Калі я прыходжу здаваць нейкія дакументы, мне павінны падказаць, а не рубіць з пляча і казаць, што ты няправільна здаў. І гэтага ўсяго не было б.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Максім Штэйнвальд не адзіны кандыдат, які пацярпеў ад некампетэнтнасці абласной выбарчай камісіі ў Гародні. Паспяхова завяршыўся суд на скаргу Сяргея Мякекі, які таксама незаконна быў пазбаўлены права зарэгістравацца ў кандыдаты на выбарах з-за незаверанай працоўнай кніжкі.

— Я мог не трапіць на гэтыя выбары з-за таго, што камісія недапрацавала. Я лічу, што гэта поўная некампетэнтнасць камісіі і трэба пачынаць фармаваць камісіі па нейкім іншым прынцыпе. Мы ўсе ўбачылі, што досведу камісіі недастаткова. Патрэбныя веды, а не досвед.

На дадзены момант у Беларусі ў кандыдаты зарэгістраваны 524 чалавекі. Каля 15 працэнтаў кандыдатаў не прайшлі сіта рэгістрацыі выбарчымі камісіямі.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня