У Гародні прайшоў абласны сход Руху “За Свабоду”



У Гародні прайшоў абласны сход Руху “За Свабоду”. На ім сабраліся дэлегаты з усёй вобласці. Яны заслухалі справаздачу каардынатара арганізацыі Сяргея Трафімчыка за мінулыя 4 гады дзейнасці. А таксама выступы кіраўнікоў Руху.

dscf6969

Стваральнік і лідар арганізацыі адзначыў, што сход у Гародні прайшоў на добрым узроўні. Гаворыць Аляксандар Мілінкевіч:

– Гарадзенскі сход для мяне – самы прыемны з тых, што былі. А я ўжо быў на трох абласных сходах. Ён быў цікавы тым, што тут было мінімум фармальнасці, была крытыка і самакрытыка, былі прапановы, была жывая размова. Тут людзі неабыякавыя, актыўныя. Грамадскі дэмакратычны рух на Гарадзеншчыне перажывае зараз няпростыя часы. Але яна была і з’яўляецца адным з важных цэнтраў у развіцці дэмакратычнай думкі.

На сходзе быў абраны новы абласны каардынатар Руху „За Свабоду”. Ім стаў Вадзім Леван. Уведзеная новая пасада – намеснік каардынатара. А таксама абраная абласная Рада арганізацыі ў складзе 7 чалавек з прадстаўнікоў рэгіёнаў вобласці. 16 кастрычніка на справаздачна-выбарчай канферэнцыі Гарадзеншчыну прадставяць 17 дэлегатаў.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара