У Гародні выбіралі прэзідэнта Польшчы



Грамадзяне Польшчы, якія  часова апынуліся ці стала пражываюць на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці, прынялі ўдзел у выбарах прэзідэнта краіны. Галасаванне адбывалася на тэрыторыі Генеральнага  консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні, дзе быў зарганізаваны ўчастак для галасавання.

wybary7

Удзел у выбарах прыняло 128 чалавек. Анджэй Дуда атрымаў 74 галасы, Браніслаў Камароўскі – 52. Два білютэні былі прызнаныя несапраўднымі.

На думку ксяндза Веслава Дамброўскага ўдзел у выбарах прэзідэнта краіны  – абавязак сумлення для кожнага грамадзяніна, тым больш за мяжой:

– Я, як паляк, мушу думаць пра Польшчу. Нашыя біскупы сказалі, што грэх робіць той, хто не ідзе на выбары.

У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, які адбыўся два тыдні таму,  у Гародні таксама перамог Анджэй Дуда. Кандыдат ад партыі “Закон і справядлівасць” набраў 40 галасоў выбарцаў, што было на 16 болей, чым у Браніслава Камароўскага.  Колькасць выбарцаў у першым туры склала 84 асобы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня