У Гародні вызначаныя месцы для выбарчай агітацыі



Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гародні вызначылі месцы для правядзення пікетавання ў час агітацыйнай кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Усе вызначаныя месцы  – малалюдныя.

Jurgel22

Аднак, калі папярэдзіць раённыя адміністрацыі,  то агітацыю можна будзе праводзіць  ў іншых месцах – больш людных і набліжаных да цэнтра гораду, што, як лічыць незалежны назіральнік Раман Юргель, з’яўляецца паказнікам “псеўда-дэмакратычнасці” выбарчага працэсу:

– У гэтым годзе поўная лібералізацыя, як і ў 2010 годзе, так што ніякіх перашкод з боку ўладаў не будзе для правядзення і пікетавання, і сустрэч з выбаршчыкамі, і для агітацыі. Паабяцалі на паседжаннях камісіі, дзе былі прадстаўнікі гарвыканкаму, што ўсё будзе так, як трэба.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі Гародні вызначылі і месцы для візуальнай агітацыі за таго ці іншага кандыдата. Улёткі можна будзе клеіць на афішных тумбах, у крамах ды іншых установах па дамоўленасці з адміністрацыяй. У кожным раёне акрэсленыя па дзве залі для правядзення сустрэчаў з кандыдатамі ў прэзідэнты.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня