У Гомельскай вобласці 7 кандыдатаў адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў выбарах



У Гомельскай вобласці сем кандыдатаў адмовіліся згодна з уласным жаданнем ад удзелу ў барацьбе за дэпутацкі мандат. Як паведамілі ў абласной выбарчай камісіі, цяпер на 17 месцаў у Палаце прадстаўнікоў прэтэндуюць 67 кандыдатаў. Усе яны выступілі або выступяць па радыё і тэлебачанні, 29 з іх падалі заяўкі на ўдзел у тэледэбатах.

Паводле звестак абласной камісіі, знялі свае кандыдатуры члены КПБ, якія балатаваліся па Гомельскай-Юбілейнай і Гомельскай-Цэнтральнай акругах.

У Савецкай акрузе стала менш на аднаго кандыдата — прадстаўніка АГП. У Жлобінскай акрузе адклікала сваю кандыдатуру член РППіС, у Светлагорскай — член ЛДП.

Па Гомельскай-Сельскай акрузе ўжо не балатуецца беспартыйная Вікторыя Ладуцька, старшыня Гомельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, па Хойніцкай — таксама беспартыйная Людміла Гаркуша, першы сакратар мясцовай арганізацыі БРСМ.

БелаПАН