У Кіеве адбылася сустрэча Леаніда Кучмы і Барыса Грызлова



У Трохбаковай кантактнай групе па сітуацыі на Данбасе былы ўкраінскі прэзідэнт прадстаўляе інтарэсы Украіны, а Барыс Грызлоў – інтарэсы Расейскай Федэрацыі.

Сустрэча ўкраінскага і расейскага прадстаўнікоў праходзіць у закрытым фармаце, і выклікае вялікі рэзананс ва ўкраінскім грамадстве.

Kuchma_Gryizlov

Афіцыйнай інфармацыі пра гэтую сустрэчу вобмаль: паведамленне ў Фейсбуку прэс-сакратаркі Леаніда Кучмы ды колькі афіцыйных радкоў ва ўрадавых СМІ. Украінскія палітыкі, аднак, мяркуюць, што Крэмль такім чынам шукае выйсця з сітуацыі, якая склалася на Данбасе. Пры гэтым не выключаецца, што тактычная мэта Расейскай Федэрацыі — сысці адтуль, «не згубіўшы твар» і, такім чынам, здаць Украіне ДНР і ЛНР. Пры гэтым стратэгічная мэта Масквы – адмена санкцыяў, якія балюча б’юць па расейскай эканоміцы.

Паводле кіеўскага выдання «Люстэрка тыдня», адбылася і сустрэча Барыса Грызлова з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам. Але падрабязнасцей пра вынікі гэтай сустрэчы пакуль няма.

Відавочна, што візіт Барыса Грызлова ў Кіеў мог быць санкцыянаваны толькі Уладзімірам Пуціным.

13 студзеня распачынаецца чарговае паседжанне Трохбаковай кантактнай групы ў Менску. Украінскія сродкі масавай інфармацыі называюць гэты раунд перамоваў «Менск-3».

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя