У кнізе Лябедзькі не знайшлі экстрэмізму



„Экстрэмізму тут няма”, – такі адказ прыйшоў з Ашмянскай мытні лідару Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Справа тычылася ягонай кніжкі „108 дзён і начэй у засценках КДБ”, якая выйшла ў серыі „Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе”. У палітыка кнігу канфіскавалі яшчэ ў траўні на памежным пераходзе „Каменны Лог”. Што з возу ўпала, тое і прапала – так Анатоль Лябедька акрэслівае свае стасункі з сілавымі структурамі Беларусі, у тым лікі і з мытняй.

„У гэтай справе я быў настойлівым,” – сказаў у нашым эфіры палітык.

РР: Калі гаворым пра гэтую навіну, то як мне здаецца, гэта ўнікальная навіна, бо звычайна тое, што трапляла на мытню, то з іншымі тлумачэннямі выходзіла адтуль. Як вы ацэньваеце гэты адказ?

Анатоль Лябедзька: Ну так, што з возу ўпала, тое і прапала – такая гісторыя маіх узаемаадносін з сілавымі структурамі, у тым ліку і з мытнікамі. Я быў настойлівы, я патрабаваў, каб было заключэнне, каб атрымаць яго на рукі. Відаць маўчанне і так зацягнулася, у траўні былі канфіскаваныя кнігі, каля 30 асобнікаў. Я ў апошні час быў настойлівы, звяртаўся ў мытню, спрабаваў знайсці гэту самую камісію, якая праводзіць экспертызу. Відаць яны былі пастаўлены перад такім жорсткім выбарам, які адказ даваць, і той які далі, мяне абсалютна задавальняе.

РР: Ці дабіліся вы інфармацыі, як адбывалася гэтая экспертыза? Хто вырашаў, хто чытаў вашу кніжку? Ці яны прачыталі яе ад пачатку да канца? Можа расказалі вам нешта цікавае, што вычыталі ў гэтай кніжцы?

Анатоль Лябедзьку Не, на вялікі жаль слядоў гэтай камісіі мы не знайшлі. Яна недзе ў Гародні – ў аблвыканкаме, але для мяне яна так і засталася таямніцай. Тым не менш для мяне самае галоўнае ні хто рабіў гэтую экспертызу, а вынік. У любым выпадку гэта рашэнне ўсё ж такі відаць не без палітычнага ўхілу.

РР: З чым вы звязваеце гэта рашэнне?

Анатоль Лябедзьку: Я думаю, што ўсё ж такі так званая лібералізацыя, элемент гэты відаць сказваецца – гэта па-першае, ну а па-другое, я б і далей дабіваўся ў чым тады экстрэмізм. Калі яна падрывае ўстоі канстытуцыйнага ладу, то якім чынам? Прамежкавы адказ, які б я атрымаў, які б утрымліваў сцвярджэнне, што так, там ёсць экстрэмізм, гэта не была б кропка – гэта была б толькі коска. Я ў гэтым пытанні публічны, я б пра гэта гаварыў і відаць вырашылі лепш паставіць кропку, чым за адной коскай будзе другая, трэцяя, вакол гэтага будзе нейкая цікавасць і яе так проста не паставіш.

РР: Вось вы ўжылі слова лібералізацыя. Навошта зараз  Лукашэнку гэтая лібералізацыя, паколькі выбары прайшлі, санкцыі знятыя, і як быццам бы ў Еўропе пачалі гаварыць, што выбары прайшлі не зусім дрэнна.

Анатоль Лябедзьку: Не ўсё так проста, па-першае санкцыі яшчэ не знятыя, нават дэ-юрэ гэта будзе напрыканцы кастрычніка, і не зняццё, а прыпыненне. На чатыры месяцы будуць прыпынены санкцыі ў адносінах да падаўляючай большасці тых, хто знаходзіцца ў спісе. Але ж напрыканцы лютага зноў будзе новае рашэнне і ўсё будзе залежыць ад таго, куды пойдзе трэнд у Беларусі: ці прастора свабоды тут будзе пашырацца, ці яна будзе звужацца, ці яна не будзе мяняцца. Канчатковага рашэння яшчэ няма. Па-другое, трэба ж яшчэ атрымаць самае галоўнае – крэдыты. Міжнародны валютны фонд і крэдыт у тры мільярды даляраў  – гэта тое, што Лукашэнку патрэбна проста як паветра. Яны яшчэ перажывуць тое, што ў маёй кніжцы няма экстрэмізму, але вось як утрымаць сітуацыю ў межах таго эканамічнага тупіка ў які Лукашэнка завёў краіну – гэта больш складанае пытанне.

У афіцыйным лісце з мытні чытаем, што „інфармацыйная прадукцыя, якую прадстаўлялі на экспертызу, літаратурай экстрэмісцкага зместу не з’яўляецца. Вышэйназваныя кнігі Вам будуць вернутыя”.

Такое рашэнне Анатоль Лябедзька тлумачыць „працягам лібералізацыі” ды імкненнем беларускіх уладаў спадабацца Захаду з надзеяй атрымаць фінансавую дапамогу.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя