У Маскве прайшлі перамовы Лукашэнкі з Пуціным (абноўлена)



Паводле вынікаў перамоў Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка падпісалі супольную заяву.

Прынамсі, у заяве гаворыцца, што Беларусь ды Расея дамовіліся скаардынаваць намаганні ў «саюзнай дзяржаве» і Еўразійскім эканамічным саюзе для стварэння дадатковых умоў для павелічэння аб’ёмаў узаемнага гандлю і павышэння дзелавой актыўнасці рэальнага сектара эканомік дзвюх дзяржаў.

Дамагацца гэтай мэты краіны маюць намер шляхам правядзення ўзгодненай прамысловай і аграпрамысловай палітыкі, развіцця інвестыцыйнага і інавацыйнага супрацоўніцтва, рэалізацыі супольных кааперацыйных, а таксама інфраструктурных праектаў, ліквідацыі бар’ераў у двухбаковым гандлі, актывізацыі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

Таксама ў заяве гаворыцца аб намеры Беларусі ды Расеі прадоўжыць працу ў забеспячэнні роўнасці правоў грамадзян, інтэнсіфікаваць супрацоўніцтва ў гуманітарнай і культурнай сферах, прадоўжыць каардынацыю супрацоўніцтва на міжнароднай арэне.

Краіны будуць браць актыўны ўдзел ва ўмацаванні міру і стабільнасці, у тым ліку ў прадухіленні ды мірным урэгуляванні міжнародных канфліктаў, постканфліктным пабудаванні міру ды супрацьдзеянні такім выклікам і пагрозам, як міжнародны тэрарызм, распаўсюджванне зброі масавага знішчэння.

Беларусь і Расея маюць намер прасоўваць ідэю гарманізацыі інтэграцыйных працэсаў на захадзе і ўсходзе Еўразіі ў міжнародных арганізацыях і шматбаковых форумах, а таксама з асноўнымі партнёрамі на Еўразійскім кантыненце, прадаўжаць працу па спалучэнню ЕАЭС і кітайскай ініцыятывы эканамічнага пояса Шаўковага шляху з улікам інтарэсаў усіх бакоў працэсу.

(Фота: president.gov.by)

Уладзімір Пуцін рады, што яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам адбылася, нягледзячы на наяўныя праблемы. Пра гэта прэзідэнт РФ заявіў сёння ў Маскве, адкрываючы беларуска-расейскія перамовы.

„Мы вас чакалі з афіцыйным візітам. Вельмі рады, што гэта, нягледзячы на ўсякія наяўныя праблемы, арганізавана, адбылося, і што вы прыехалі для грунтоўнай размовы па ўсім комплексе расейска-беларускіх адносінаў”, – цытуе Пуціна прэс-служба Крамля.Расейскі лідар назваў візіт Лукашэнкі ў Маскву „натуральным”. „Таму што ўзровень і палітычных адносінаў, і аб`ём эканамічнага супрацоўніцтва, той рух, які ў значнай ступені быў зроблены дзякуючы вашым намаганням, – усё гэта гаворыць пра тое, што нам ёсць аб чым пагутарыць”, – сказаў Пуцін.Лукашэнка, у сваю чаргу, заявіў: „Мы добра ведаем, што трэба, чаго хоча Расея ад Беларусі. Упэўнены, што Расея абсалютна ведае, што трэба Беларусі ад Расеі. Я думаю, што вырашэнне тых праблем, якія ў нас існуюць, яшчэ больш зблізяць нашы народы. Хаця, шчыра кажучы, мераць нас з вамі класічнымі рамкамі ўзаемаадносінаў з іншымі нейкімі дзяржавамі неяк нават і няёмка, таму што ў нас настолькі блізкія адносіны, што тут не падыходзяць гэтыя крытэрыі”.

Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Расею па запрашэнні Пуціна вечарам 14 снежня. Як паведамляла прэс-служба Крамля, на перамовах будзе абмяркоўвацца „шырокі спектр актуальных пытанняў расійска-беларускіх адносінаў і міжнароднага парадку дня”. „Асаблівую ўвагу мяркуецца надаць далейшаму паглыбленню эканамічнай інтэграцыі на еўразійскай прасторы і мерам па нарошчванні гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы”, – зазначалася ў паведамленні прэс-службы.

Напярэдадні прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў журналістам: „у плане – перамовы ў вузкім складзе, перамовы дэлегацый дзвюх краін і заява для прэсы, якой будзе папярэднічаць падпісанне дакументаў”. Лукашэнка і Пуцін таксама зробяць сумесную заяву, дадаў Пяскоў.

Пры гэтым ён не змог удакладніць, ці будзе падпісаны расійска-беларускі дагавор аб ваеннай базе. Пяскоў толькі сказаў, што „хутчэй за ўсё пытанні, звязаныя з ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам, будуць фігураваць на заўтрашнім парадку дня ў Крамлі”.

Афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Расею планаваўся на 26 лістапада. Тады памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў паведаміў, што адной з тэм перамоў Пуціна і Лукашэнкі будзе стварэнне ў Беларусі расійскай авіябазы. Відаць, што гэтая тэма яшчэ не да канца закрыта, падкрэсліў Ушакоў.

У сярэдзіне лістапада, сустракаючыся ў Менску з паслом Расеі ў Беларусі Аляксандрам Сурыкавым, Лукашэнка заявіў, што „гатовы да сур`ёзнай размовы на тэму беларуска-расійскіх адносінаў”. „Ёсць аб чым пагутарыць, і шчыра пагутарыць, каб у нас не было ніякіх непаразуменняў”, — сказаў ён.

Нагадаем, у верасні Пуцін распарадзіўся падпісаць пагадненне аб расейскай авіяцыйнай базе на тэрыторыі Беларусі. Праз некалькі тыдняў Лукашэнка заявіў, што размова аб размяшчэнні расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялася. „Нам не патрэбная база сёння, тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраенні. Пра што я публічна таксама казаў Пуціну і раней Мядзведзеву”, — сказаў ён 6 кастрычніка. Пазней Лукашэнка не аднойчы закранаў гэту тэму, кожны раз падкрэсліваючы, што расійская авіябаза ў Беларусі не патрэбная.

Паводле палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі часта закончваліся нічым:

— Я і цяпер не выключаю такой сітуацыі, што бакі разыдуцца ні з чым, а на публіку, для журналістаў, скажуць пра ўзмацненне супрацоўніцтва. Лукашэнка будзе ўпарта супраціўляцца размяшчэнню тут расейскай авіябазы. Канфлікт вакол расейскага самалёта на мяжы з Турэччынай дадаў яму яшчэ больш аргументаў і тое, што ён выступаючы ў Туркменістане на канферэнцыі ладзіў славаспеў палітыкі нейтралітэту, — гэтыя факты кажуць пра тое, што Лукашэнка будзе ўпарта супраціўляцца з’яўленню гэтай авіябазы.

Паводле прэс-службы беларускага кіраўніка, Лукашэнка „правядзе перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у вузкім і пашыраным складах. Чакаецца, што ў цэнтры ўвагі будзе знаходзіцца шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносінаў і міжнароднага парадку дня, узаемадзеяння ў інтэграцыйных аб’яднаннях”.

 БелаПАНБеларускае Радыё Рацыя