У Менск прыбыла старшыня ПА АБСЕ Крысцін Мутанен



У Менск з афіцыйным візітам 15 сакавіка прыбыла старшыня Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ) Крысцін Мутанен.

Візіт будзе доўжыцца да 17 сакавіка і стане трэцім візітам старшыняў ПА АБСЕ ў Беларусь (у 2009 годзе краіну наведаў Жоаа Саарэш, у 2012-м — Рыкарда Мільёры).

У складзе дэлегацыі таксама генеральны сакратар ПА АБСЕ Раберта Мантэла і яго намеснік Густава Паярэс.

Сёння Мутанен сустрэнецца са старшынямі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам і Міхаілам Мясніковічам. Плануецца падпісанне пагаднення паміж парламентам Беларусі і ПА АБСЕ аб правядзенні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі, якая адбудзецца 5—9 ліпеня ў Менску.

1 сакавіка ў Менску прайшло першае пасяджэнне рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні сесіі ПА АБСЕ. „5 ліпеня плануецца правядзенне сустрэчы кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам ПА АБСЕ, выступ прэзідэнта з прывітальным словам на ўрачыстым адкрыцці сесіі і прыём ад імя прэзідэнта Беларусі. Забеспячэнне гэтых мерапрыемстваў — наш прыярытэт”, — паведаміў Андрэйчанка на пасяджэнні.

Ён адзначыў, што „мерапрыемства такога маштабу і ўзроўню праводзіцца ў краіне ўпершыню”. „Яно дасць магчымасць павысіць ролю Беларусі ў пытаннях сусветнай палітыкі і бяспекі. Развіццё палітычнага дыялогу з парламентарыямі іншых дзяржаў адкрые новыя магчымасці па прасоўванні нацыянальных інтарэсаў нашай краіны, пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”, — лічыць Андрэйчанка.

Плануецца, што ў сесіі ПА АБСЕ ў Менску возьмуць удзел прыблізна 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.

belapan.by