У Менск прыбыў новы павераны ў справах ЗША ў Беларусі



Новы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт (Боб) Райлі прыбыў 22 жніўня ў Менск.

Да прызначэння ў Беларусь Боб Райлі займаў пасаду палітычнага саветніка і быў выконваючым абавязкі намесніка пасла ЗША ў Венгрыі.

Ранейшы кіраўнік амерыканскай дыпмісіі ў Мінску Скот Роланд пакінуў Беларусь 8 ліпеня. У інтэрв’ю перад ад’ездам ён звярнуў увагу на значнае паляпшэнне беларуска-амерыканскіх адносін за апошнія два гады. Паводле слоў Роланда, у чэрвені 2014 года, калі ён прыбыў на працу ў Менск, адносіны Беларусі і ЗША «былі не самымі лепшымі». Цяпер, паводле ацэнкі дыпламата, яны знаходзяцца «ў значна лепшым стане». «Нам удалося дасягнуць вельмі многага, цікавых вынікаў нямала. Маглі б зрабіць больш? Так. Але мы змаглі плённа працаваць з рознымі сектарамі беларускага грамадства — і з уладамі, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і прадпрымальніцтва. Магу сказаць, што на працягу гэтых двух гадоў нам удалося зрабіць больш, чым ўдавалася зрабіць да таго», — заявіў былы кіраўнік амерыканскай дыпмісіі ў Менску.

Варта адзначыць, што з часу дыпламатычнага скандалу паміж Менскам і Вашынгтонам у 2008 годзе і ад’езду пасла Карэн Сцюарт ЗША прадстаўлены ў Беларусі на ўзроўні часовага паверанага, а штат пасольства быў скарочаны з 35 да пяці чалавек. Скандал здарыўся пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. У чэрвені 2009 года пасольства ЗША ў Менску ўзначаліў Майкл Скэнлан, праз два гады яго змяніў Ітан Голдрыч, затым — Скот Роланд. Боб Райлі, такім чынам, стаў чацвёртым часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі.

Разгляд пытання аб вяртанні ў Беларусь амерыканскага пасла адновіцца пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, паведаміў Скот Роланд.

«Толькі цяпер, упершыню пасля 2008 года, мы пачынаем весці гаворку пра магчымы абмен пасламі — беларускага ў Вашынгтон, амерыканскага ў Менск. Гэта пытанне, разгляд якога адкладзена да правядзення парламенцкіх выбараў у Беларусі (у верасні) і прэзідэнцкіх выбараў у ЗША (у лістападзе ). Калі такі абмен адбудзецца, сюды прыедуць дыпламаты, якія забяспечаць ўжо іншы ўзровень пасольскай прысутнасці», — сказаў Раланд.

На сёння ў пасольстве ЗША ў Беларусі дазволена працаваць дзевяці дыпламатам.

belapan.by