У Менску праходзіць пасяджэнне кантактнай групы па Украіне



У Менску праходзіць пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведаміла ў „Фэйсбуку” Дар’я Оліфер — прэс-сакратар украінскага прадстаўніка на перамовах Леаніда Кучмы.

Сустрэчы папярэднічалі перамовы чатырох падгруп кантактнай групы — па эканамічных, палітычных, гуманітарных пытаннях і пытаннях бяспекі. Пасяджэнне ў „Прэзідэнт-гатэлі” традыцыйна праходзіць у закрытым для прэсы рэжыме.

Папярэдні раўнд перамоў у Менску адбыўся 26 кастрычніка. Па яго выніках спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік адзначыў прагрэс у развядзенні сіл і сродкаў на двух участках у зоне канфлікту на Данбасе. „Быў адзначаны факт развядзення сіл і сродкаў, а таксама размініравання ў раёне Залатога і Пятроўскага, але застаюцца яшчэ не вырашаныя праблемы, у тым ліку з доступам спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ”, — сказаў Сайдзік журналістам.

Прадстаўнік АБСЕ ў чарговы раз выказаў занепакоенасць незахаваннем рэжыму поўнага спынення агню ў зоне канфлікту. „Нарада зноў паказала, што трохбаковая кантактная група рашуча і прынцыпова падтрымлівае ідэю развядзення сіл і сродкаў уздоўж лініі сутыкнення як вырашальны фактар у справе ўмацавання ўзаемнага даверу”, — заявіў дыпламат.

belapan.by