У МЗС абмеркавалі пытанні старшынства Беларусі ў ЦЕІ



У беларускім МЗС 28 кастрычніка адбыліся кансультацыі з кіраўніцтвам сакратарыята Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы па пытаннях узаемадзеяння падчас старшынства Беларусі ў арганізацыі ў 2017 годзе.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, беларускую дэлегацыю ўзначаліла намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына, дэлегацыю ЦЕІ — генеральны сакратар арганізацыі Джавані Карач’ёла ды Ветры.

„Бакі дэталёва абмеркавалі мадальнасці падрыхтоўкі і правядзення ў Беларусі ўсіх рэгулярных мерапрыемстваў ЦЕІ, уключаючы сустрэчы міністраў замежных спраў і кіраўнікоў урадаў краін — удзельніц арганізацыі, пасяджэнняў Парламенцкай асамблеі ЦЕІ, тэматычных міністэрскіх сустрэч і культурных мерапрыемстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Беларусь сумесна з сакратарыятам і краінамі — удзельніцамі ЦЕІ вядзе дапрацоўку праграмы старшынства, якая будзе прадстаўленая грамадскасці ў канцы 2016 года.

Падчас свайго старшынства ў ЦЕІ Беларусь плануе надаць асаблівую ўвагу тэматыцы сумяшчальнасці ў Еўропе ў шырокім кантэксце.

belapan.by