У парламенце разледзяць змены ў Працоўны кодэкс



Змены ў Працоўны кодэкс плануе разглядзець сёння парламент Беларусі. У кодэкс можа быць уключаны дэкрэт №29 кіраўніка Беларусі, які ўвёў у краіне сістэму кантрактнага найму.

Каментуе юрыстка камітэта “Салідарнасць” Тамара Сідарэнка:

– Гэтым дэкрэтам 95% насельніцтва ахоплена – гэта прамая праява прымусовай працы ў Рэспубліцы Беларусь. Цяпер у Працоўным кодэксе будзе замацавана прымусовая праца.

Дэкрэт №29 дзейнічае з 1999 года. Наймальнік мае законнае права не працягваць працоўны кантракт з работнікам пасля заканчэння тэрміну яго дзеяння. Звычайны тэрмін – год.

Таксама Тамара Сідарэнка заявіла пра частае ігнараванне правоў грамадзянаў, якія атрымалі траўму на вытворчасці:

– Увогуле заканадаўства па ахове працы ў нас нядрэннае – не горшае, чым у многіх краінах. Аднак практыка іншая, бо на людзей аказваецца сур’ёзнае ўздзеянне, калі яны атрымліваюць траўму, спрабуюць схаваць яе, спрабуюць угаварыць людзей, сказаць, што гэта было не на вытворчасці, а дома і г.д.

“У выніку працаўнікі пакутуюць, бо пасля даказаць, як усё было на самой справе, вельмі цяжка”, – зазначае юрыст і раіць у такіх сітуацыях не ісці на повадзе ў адміністрацыі.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя