У Раду Еўропы – толькі пасля выканання ўмоваў



Да такой думкі прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння Экспертнага клуба з удзелам прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый. Галоўны акцэнт у абмеркаванні быў зроблены на неабходнасці вызначэння агульнай пазіцыі.

“Пытанне, якім чынам мы адбудоўваем нашы адносіны з міжнароднай супольнасцю, вельмі важкае”, – кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

– Пытанне, што будзе ў адносінах Беларусі і рады Еўропы, закранае краіну і многіх нашых грамадзянаў. Мы вырашылі, што трэба збірацца разам, талакой, і прымаць супольныя рашэнні. Вельмі важна, каб у палітычных структур, у грамадзянскай супольнасці, у праваабаронцаў была выпрацавана адна пазіцыя. Патрэбна нам інтэгравацца ў Парламенцкую Асамблею Рады Еўропы ці не? Тут адназначна не скажаш, бо ёсць плюсы і мінусы. Дыскусія гэта пацвердзіла. Але плюсаў – значна больш.

“Відавочна, ад прыняцця Беларусі ў Раду Еўропы выйгрыш атрымаюць грамадзяне Беларусі, аднак разам з тым некаторыя прэферэнцыі і бонусы атрымае і рэжым. Таму гэта можа быць кампрамісам паміж прыхільнікамі рэжыму і тымі, хто імкнецца захаваць існую сітуацыю”, – падкрэсліў Анатоль Лябедзька.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя