У Расеі працягваюць усталёўваць помнікі Сталіну



На выраб бюсту Іосіфа Сталіна жыхарамі расейскага гораду Сургут (адміністрацыйны цэнтр Сургуцкага раёну Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі) было сабрана каля 165 тысяч расейскіх рублёў (больш 2,5 тысячы даляраў).

Сталіністы дамагаюцца ўсталявання бюсту ў сваім горадзе. Пра гэта радыёстанцыі „Говорит Москва” паведаміў адзін з ініцыятараў акцыі Дзяніс Ханьжын. „Скульптар выканаў працу і бюст дастаўлены ў Сургут. Чакаем адказу ад адміністрацыі па прадстаўленні муніцыпальнай зямлі менавіта на ўзбярэжнай Абі, адкуль салдаты ішлі на фронт” – заявіў Ханьжын.

Паводле яго словаў супраць усталявання такога помніка выступаюць некаторыя гараджане, запушчана нават адмысловая петыцыя пратэсту.

Па выніках апытання расейскага „Левада-центра” у сакавіку бягучага году ажно 54% жыхароў Расеі лічаць, што Сталін адыграў станоўчую ролю ў гісторыі іх краіны. Яшчэ ў 2013 годзе Фонд Карнегі апублікаваў даклад, у якім было сказана, што з прыходам да ўлады Ўладзіміра Пуціна ў Расеі „пачалася ціхая рэабілітацыя Сталіна”. Калі ў 1989 годзе яго пазітыўны рэйтынг складаў толькі 12%, то ўжо ў 2012-ым ён вырас да 49%.

Апошнія гады ў Расеі з’явіліся дзясяткі помнікаў Сталіну, а ў 2015-ым годзе ў Пензе з’явіўся „Сталінскі цэнтр”.

Па ацэнках гісторыкаў у час сталінскіх рэпрэсій было забіта і загублена больш аднаго мільёну людзей.

У Беларусі бюст Сталіну ўсталяваны ў раённым цэнтры Сьвіслач на Гарадзеншчыне. А пад Менскам створаны псеўдагістарычны комплекс „Лінія Сталіна”.

Беларускае Радыё Рацыя