У склад акруговых камісій вылучана больш 2 тыс. чалавек



У склад 110 акруговых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў вылучана 2.014 чалавек, паведамляе сайт Цэнтрвыбаркама.

771 асобу вылучылі грамадзяне шляхам збору подпісаў, 145 — працоўныя калектывы, 1.278 — грамадскія аб’яднанні, у тым ліку 353 — палітычныя партыі.

Сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій вылучылі 12 палітычных партый: Беларуская аграрная партыя (15 чалавек), Беларуская партыя левых „Справядлівы свет” (65), Беларуская патрыятычная партыя (аднаго), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (14), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (17), Камуністычная партыя Беларусі (110), Ліберальна-дэмакратычная партыя (24), Аб’яднаная грамадзянская партыя (аднаго), Партыя БНФ (27), Рэспубліканская партыя (сем), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (64), Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды (восем).

РГА „Белая Русь” і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі вылучылі ў акруговыя камісіі 110 сваіх прадстаўнікоў, Беларускі саюз жанчын — 100, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — 249, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў — 94.

Стварэнне акруговых камісій завяршаецца сёння, 27 чэрвеня, на сумесных пасяджэннях прэзідыумаў абласных, Мінскага гарадскога выканкамаў і саветаў дэпутатаў.

Парламенцкія выбары Беларусі пройдуць 11 верасня.

БелаПАН

Фота: news.21.by