Акцыя да гадавіны перамогі ў бітве пад Воршай у цэнтры Менска (абноўлена)



Воклічы “Жыве Беларусь”, разгорнутыя нацыянальныя сцягі, транспаранты, супольная малітва. Так адзначылі чарговы Дзень беларускай вайсковай славы ў Менску каля Опернага тэатра.

Распавядае арганізатар акцыі старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

– Адзначаем угодкі слаўнай перамогі беларусаў пад Воршай, якая адбылася ў 1514 годзе. Оперны тэатр, вось гэтая пляцоўка, тады, калі адраджалася нашая незалежнасць у 90-ыя, была асноўным, традыцыйным месцам адзначэння гэтага свята. Карыстаючыся магчымасцю, хачу нагадаць беларускаму грамадству, што мы маем чым ганарыцца. Разам з тым, нагадаць пра пагрозы, якія сёння існуюць для беларускай незалежнасці і заклікаць быць моцнымі і абараняць нацыянальныя інтарэсы, быць гатовымі абараняць радзіму.

Праваахоўнікі не заміналі праводзіць мітынг, які быў заяўлены, як перадвыбарчы пікет кандыдата ад партыі БНФ. Падчас правядзення мерапрыемства стала вядома, што непадалёк ідзе затрыманне актывістаў Маладога Фронту, якія адзначалі Дзень вайсковай славы пікетаваннем расейскай амбасады.

 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.   

* * *

Партыя БНФ праводзіць каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета акцыю з нагоды 502-й гадавіны гістарычнай бітвы пад Оршай.

Гэтай падзеі, якую беларуская апазіцыя адзначае як Дзень вайсковай славы, кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ вырашылі прысвяціць чарговы перадвыбарны пікет.

На мерапрыемстве сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Партыі БНФ, святары аўтакефальнай праваслаўнай царквы, апазіцыйныя актывісты Вячаслаў Сіўчык, Алесь Макаеў, Алесь Талстыка, Мікалай Статкевіч і інш.

Удзельнікі разгарнулі транспаранты „Жыве незалежная Беларусь”, „Партыя абароны народных інтарэсаў. Партыя БНФ” і мноства бел-чырвона-белых сцягоў.

У каментарыі БелаПАН старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што „фармальна тут праходзіць перадвыбарнае мерапрыемства — сустрэча з кандыдатамі ў дэпутаты ад БНФ”. „Але, вядома, мы выкарыстоўваем гэтую легальную магчымасць, каб адзначыць гадавіну нашай слаўнай перамогі пад Воршай, — сказаў палітык. — Гэта надзвычай важная гістарычная падзея. Нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што памятаць”.

„Сёння таксама ёсць вельмі вялікая трывога за лёс беларускай незалежнасці. Вельмі важна абудзіць беларускае грамадства, абудзіць адданасць нацыянальнай ідэі, у першую чаргу ў моладзі і шырокага круга грамадства”, — заявіў Янукевіч.

Ён падкрэсліў, што сёння „імперскія амбіцыі Крамля растуць” і адбываецца націск на Беларусь, на кіраўніцтва краіны і грамадства. „Актывізавалася прарасейская „пятая калона”, таму варта нагадаць нам самім, што мы здольныя абараніць сваю дзяржаву, краіну і зямлю, калі ў нас будзе сіла духу і апора на нацыянальныя ідэі”, — сказаў палітык.

За ходам акцыі назіраюць сілавікі ў цывільным. Некаторыя з іх вядуць відэаздымку.