У Варшаве прайшло шэсце апазіцыі



У Варшаве прайшло масавае шэсце, арганізаванае Камітэтам Абароны Дэмакратыі сумесна з апазіцыйнымі партыямі. Старшыня Камітэта Абароны Дэмакратыі Матэвуш Кіёўскі падчас сваёй прамовы на шэсці зазначыў, што амаль усе польскія апазіцыйныя рухі аб’ядналіся разам супраць дзейнага ўрада:

– Усе прадэмакратычныя сілы сабраліся тут, бо не пагаджаюцца на выхад з Еўропы. Мы ёсць і будзем у Еўропе, дзе адкрытасць, дыялог і заангажаванасць – гэта фундаментальныя вартасці. Не хочам дыктатуры: аднаго светапогляду, адной рэлігіі, адной партыі і аднаго прэзідэнта! Абаронім дэмакратыю!

Шэсце сабрала велізарную колькасць людзей. Паліцыя называе лічбу 45 тысяч удзельнікаў, у той самы час Варшаўская ратуша гаворыць ажно пра 240 тысяч маніфестантаў. Старшыня апазіцыйнай партыі “Грамадзянская Платформа” Гжэгаж Схетына адзначыў, што антыўрадавае шэсце стала найвялікшай дэманстрацыяй з часоў упадку камунізму:

– Гэта найбольшая дэманстрацыя ў вольнай Польшчы. Але ўсё яшчэ наперадзе. Гэты марш будзе працягвацца, ён давядзе нас да вольнай Польшчы, да свабодных выбараў, якія мы выйграем. Няхай жыве Польшча!

Ужо некалькі месяцаў у Польшчы трывае напружаная палітычная сітуацыя. Апазіцыя лічыць, што партыя “Права і Справядлівасць”, якая выйграла парламенцкія выбары ў 2015 годзе, уводзіць элементы дыктатуры. У той самы час кіроўная партыя звінавачвае апазіцыю ў тым, што яна не змагла згадзіцца з вынікам выбару польскіх грамадзянаў і праз гэта ўшчыняе авантуру, якая шкодзіць Польшчы.

Апроч антыўрадавых воклічаў, на шэсці гучаць праеўрапейскія лозунгі. “Польшча ёсць і будзе ў Еўропе”. Удзельнікі шэсця лічаць, што Яраслаў Качыньскі і кіроўная партыя “Права і Справядлівасць” знішчаюць дэмакратыю, а таксама спрабуюць вывесці Польшчу з Еўропы:

– Дэмакратыя – гэта найважнейшая рэч, дзеля якой можна і трэба змагацца.  Не – дыктатуры, не – хлусні.

– Сёння парушаюцца ўсе правы. І гэта выклікае абурэнне народа – людзі бунтуюць. Нават аб’ядналася ўся апазіцыя.

– Я думаю, што маем права баяцца сітуацыі, якая склалася сёння. Праблема палягае на тым, што ўлада кажа адно, а робіць іншае.

– Я памятаю часы Польскай Народнай Рэспублікі. І скажу так: у параўнанні з сённяшняй сітуацыяй, не так ужо і дрэнна тады было.

Акрамя шэсця апазіцыі, у Варшаве прайшло  шэсце нацыяналістаў, а таксама Парад Шумана – традыцыйная штогадовая праеўрапейская маніфестацыя.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара