У Варшаве прайшоў Марш салідарнасці з Украінай



Беларусы Варшавы бралі ўдзел у маршы салідарнасці з Украінай. Мерапрыемства было прымеркавана да 71-ай гадавіны дэпартацыі крымскататарскага народу. “Крым – гэта Украіна” – такі быў асноўны лозунг акцыі. Сустаршыня Беларускага Дома ў Варшаве Уладзімір Кобец лічыць, што салідарнасць немагчыма вымераць:

–  Мы ведаем, што на ўсходзе Украіны працягвае ліцца кроў нашых украінскіх братоў. Мы вельмі перажываем за тое, што такая ж сітуацыя можа здарыцца ў Беларусі. Таму, калі мы падстаўляем нашае плячо ўкраінцам, то, канешне, мы верым у тое, што ўкраінскі народ будзе салідарны з беларусамі ў змаганні за нашу Бацькаўшчыну, за нашу дэмакратыю. Калі калона скандавала “Жыве Беларусь!”, гэта было вельмі моцна. І менавіта гэта мы хочам чуць. А ўкраінцы хочуць чуць “Слава Украіне!”

Усяго ў маршы ўдзельнічала больш за 200 чалавек. Акцыя скончылася ўшанаваннем памяці ахвяраў крымскататарскага народу.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара