У Варшаве выказалі салідарнасць з крымскімі палітвязнямі



У Варшаве пад расейскай амбасадай правялі пікет салідарнасці з крымскімі палітвязнямі. У гадавіну пачатку акупацыі Крыма да сцен дыпламатычнай пляцоўкі прыйшлі дзясяткі людзей, каб выказаць сваю нязгоду з акупацыяй паўвыспы.

Сярод пратэстоўцаў быў таксама былы віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Кшыштаф Станоўскі:

– З 1994 года працаваў у Крыме. Дапамагалі крымскім татарам вярнуцца дадому, на сваю Радзіму. Гэта была іх вялікая мара. Я маю там вельмі шмат сяброў. На жаль, з моманту анексіі Крыма многія або загінулі, або знаходзяцца за кратамі ці пераследуюцца іншым шляхам. Шмат сем’яў выцеснілі адтуль або разлучылі.

Расейскія ўлады аказваюць нечуваны ціск на крымскіх татараў, сцвярджалі ўдзельнікі акцыі. Нафіс Кашапаў, казанскі татарын, брат якога з’яўляецца пуцінскім палітвязнем, паведаміў, што рэпрэсіі закранулі дзясяткі тысяч чалавек:

– Больш як 30 крымскіх татар з’яўляюцца палітвязнямі. Каля дваццаці тысяч чалавек уцяклі з Крыма.  Зараз там адбываецца татальны тэрор супраць крымскіх татараў, каб іх запалохаць і зламаць. Але гэта ў іх не атрымаецца.

Удзельнікі пікету таксама выказалі салідарнасць з крымскім кінарэжысёрам Алегам Сянцовым, якога асудзілі на 20 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Вырак быў агучаны пасля таго, як жыхар Сімферопаля выйшаў на плошчу пратэставаць супраць расейскай акупацыі паўвыспы.    

   

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара