У Вашынгтоне адзначылі 25-годдзе Белавежскіх пагадненняў



8 снежня споўніцца 25 гадоў з дня гістарычнай сустрэчы ў Віскулях. Трое з шасці падпісантаў пагаднення аб роспуску СССР — Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Генадзь Бурбуліс — на гэтым тыдні прыехалі ў Вашынгтон, каб прыняць удзел у юбілейных мерапрыемствах, арганізаваных шэрагам амерыканскіх грамадскіх арганізацый і універсітэтаў.

rian_archive_848095_signing_the_agreement_to_eliminate_the_ussr_and_establish_the_commonwealth_of_independent_states

Выступаючы напярэдадні на сустрэчы ў „Атлантычным савеце”, палітыкі разважалі пра тое, як прымяніць мінулы вопыт для адказу на новыя выклікі і, у прыватнасці, перад тварам спробаў Крамля аднавіць расійскае панаванне на постсавецкай прасторы.

Паводле слоў першага дзяржсакратара РФ Генадзя Бурбуліса, сучаснае грамадства ў яшчэ больш вострай форме мае патрэбу ў пагадненні, падобным таму, што было заключана ў Белавежскай пушчы. Ён лічыць, што праблема расійска-ўкраінскіх адносін не можа быць вырашана звонку з паглыбленнем санкцый і ізаляцыяй рознага роду. „Калі гэтыя меры не працуюць ужо два гады, значыць, трэба мяняць і тактыку, і стратэгію”, — сказаў Бурбуліс.

Першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук, наадварот, падтрымлівае ідэю ціску на Крэмль, адзначаючы, праўда, што „толькі санкцыямі парадку не дасягнеш”. Ён згодны з расійскім калегам у тым, што набыццё аўтарытэту праз сілу вядзе ў тупік: „Цяперашняя сітуацыя ненашмат складанейшая, чым яна была напярэдадні падпісання белавежскіх пагадненняў. Але чаму сусветныя лідары не могуць сёння знайсці рашэнне ў імя людзей, якія не хочуць вайны. Я упэўнены, што іншай дарогі, акрамя дарогі міру, для Украіны няма”.

Кажучы пра тое, ці гатовы новаабраны амерыканскі прэзідэнт змяніць погляды ЗША на сітуацыю ва Украіне, Леанід Краўчук прапанаваў не спяшацца з ацэнкамі, а пачакаць заявы Дональда Трампа пасля ўступлення на пасаду”. Пакуль у якасці прэзідэнта ён не сказаў нічога. Але калі ён прызнае анэксію Крыма, я прыму гэта вельмі негатыўна”, — сказаў Краўчук.

Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць, што перад тварам агрэсіўнай палітыкі Масквы Беларусь таксама знаходзіцца ў незайздросным становішчы. Паводле яго слоў, Крэмль „будзе са скуры вон лезці, каб зрабіць Беларусь калоніяй сваёй імперыі”. Аднак, на думку Шушкевіча, нават нягледзячы на тое, што „антыбеларускі прэзідэнт” спахабіў ўсё, што было дасягнута ў Белавежскай пушчы, беларуская моладзь разумее, што яе краіна не прыдатак Расіі. „Рана ці позна Беларусь стане нармальнай цывілізаванай дзяржавай”, — упэўнены Шушкевіч.

Сустрэчы з удзелам Шушкевіча, Краўчука і Бурбуліса, прысвечаныя 25-й гадавіне падпісання белавежскіх пагадненняў, запланаваныя ў розных дзяржаўных установах і універсітэтах Вашынгтона і Бостана.

belapan.by