Украіна заклікае Беларусь ігнараваць выбары на Данбасе і ў Крыме



Украіна заклікае беларускі бок у выпадку правядзення мясцовых выбараў на Данбасе праігнараваць іх, а таксама выбары ў Дзярждуму Расеі на тэрыторыі Крыма, не накіроўваць назіральнікаў. Пра гэта заявіла журналістам у Менску 26 жніўня першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады, прадстаўнік Украіны ў гуманітарнай падгрупе трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны Ірына Герашчанка.

«Хачу звярнуцца да нашых беларускіх калег з просьбай устрымацца ад любых спробаў, ад, магчыма, нейкіх настойлівых запрашэнняў Расійскай Федэрацыі ўзяць удзел як назіральнікаў у выбарах на акупаваных, анексаваных украінскіх тэрыторыях», — сказала Герашчанка.

«Мы ведаем, што ў верасні ў Расейскай Федэрацыі праходзяць выбары ў Дзяржаўную думу. І украінскі бок апелюе да ўсіх нашых міжнародных партнёраў, да ўсіх нашых суседзяў з просьбай устрымацца ад таго, каб накіроўваць сваіх назіральнікаў на анексаваныя тэрыторыі», — дапоўніла першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады.

Украіна не прызнае выбары, якія адбываюцца „на адкушанай, выкрадзенай зямлі”, падкрэсліла Герашчанка.

У Расеі 18 верасня пройдзе адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Дзярждумы, кіраўнікоў суб’ектаў федэрацыі, а таксама дэпутатаў мясцовых органаў улады. Тэрміны правядзення мясцовых выбараў на Данбасе неаднаразова пераносіліся, умовы і мадальнасці іх правядзення пастаянна абмяркоўваюцца ў Менску на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы па Украіне.

БелаПАН