Украінскага журналіста арыштавалі ў Расеі па абвінавачванні ў шпіянажы



У Маскве затрыманы карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва Укрінфарм Раман Сушчанка.

Укрінфарм — гэта аналаг беларускага агенцтва БелТА, дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.

Пра арышт стала вядома 2 кастрычніка, калі інфармацыю пра Сушчанку выпадкова атрымалі маскоўскія праваабаронцы. Сам ён не выходзіў на сувязь з 30 верасня.

630_360_1475461808-9022

Сушчанка працаваў карэспандэнтам Укрінфарма ў Францыі.

Лефортаўскі суд Масквы арыштаваў Сушчанку па абвінавачванні ў «шпіянажы» па арт. 276 КК РФ.

47-гадовы Сушчанка сядзіць у камеры каранціннага аддзялення турмы Лефортава ў Маскве.

«Сушчанка паведаміў праваабаронцам, што пры затрыманні на яго аказвалі псіхалагічны ціск, следчы не дазволіў яму патэлефанаваць дадому і паведаміць жонцы пра свой арышт. Следства ФСБ дало яму дзяржаўнага адваката. Украінскі консул ужо пацвердзіў інфармацыю аб арышце гэтага журналіста ў Расеі», — расказалі праваабаронцы.

У турмах Расеі адбываюць пакаранне за шпіянаж на карысць Украіны Валянцін Выгоўскі, асуджаны на 14 гадоў, і Віктар Шчур, асуджаны на 12 гадоў. Акрамя таго, у турмах утрымліваецца група ўкраінцаў — грамадзяне Украіны і Расеі, якіх вінавацяць у падрыхтоўцы актаў сабатажу ў Крыме. Зняволеныя і дзясяткі крымскіх татараў, якія не прызналі далучэння паўвострава да Расіі і застаюцца вернымі ўкраінскай дзяржаве.

Агенцтва Укрінфарм назвала затрыманне Сушчанкі «спланаванай правакацыяй».

Наша Ніва