Улады Турцыі зноў пачалі чысткі ў паліцыі і ўніверсітэтах



Працы пазбаўленыя чарговыя 6 тысяч чалавек, зачыненыя некалькі дзесяткаў няўрадавых арганізацый.

57984e0595ebf_1469599237

Турэцкія ўлады зноў пачалі масавыя звальненні дзяржаўных функцыянераў у адказ на наўдалую спробу дзяржаўнага перавароту, якая адбылася 15 ліпеня. Чарговыя 6 тысяч чалавек былі пазбаўленыя працы, а некалькі дзесяткаў недзяржаўных арганізацыяў — закрытыя. Гэта вынікае з трох дэкрэтаў, якія ўначы з пятніцы на суботу апублікаваў турэцкі ўрад.

Турэцкія ўлады звольнілі 2,6 тыс. паліцыянтаў, 1,6 тыс. супрацоўнікаў міністэрства юстыцыі, 838 супрацоўнікаў міністэрства аховы здароўя, 631 універсітэцкіх супрацоўнікаў і 8 сябраў Дзяржаўнай рады – найвышэйшага адміністрацыйнага суда краіны.

За «дзейнасць, якая пагражае бяспецы дзяржавы», былі зачыненыя 80 няўрадавых арганізацый. Новыя дэкрэты турэцкіх уладаў загадваюць грамадзянам, якія пакінулі Турцыю, на працягу трох месяцаў вярнуцца на радзіму. У адваротным выпадку яны будуць пазбаўленыя грамадзянства.

Пасля спробы дзяржаўнага перавароту, у якой турэцкія ўлады абвінавачваюць прапаведніка Фэтулаха Гюлена, турэцкія ўлады арыштавалі 41 тысячу чалавек, а 100 тысяча звольнілі з працы. Еўразвяз востра крытыкуе дзеянні Анкары, асабліва арышты журналістаў, звальненні суддзяў і пагрозы вярнуць смяротнае пакаранне.

Польскае Радыё