Уладзімір Кавалкін: Скарачаць найперш трэба сілавікоў



Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін распавёў, наколькі эфектыўным будзе скарачэнне чыноўнікаў.

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне скараціць дзяржаўны апарат. Стала вядома, напрыклад, што ў Менаблвыканкаме, дзе працуе 493 чалавекі, пад скарачэнне патрапяць 100 супрацоўнікаў, а персанал райвыканкамаў Менскай вобласці плануецца зменшыць на 10 адсоткаў.

Які эфект будзе ад такога скарачэння?

Уладзімір Кавалкін: Гэта, здаецца, трэцяе ці чацвёртае скарачэнне дзяржапарату за апошнія чатыры гады. На самой справе, калі паглядзець рэальна, у Беларусі колькасць дзяржслужачых на адзінку насельніцтва дастасткова невысокая. У нас высокая колькасць бюджэтнікаў – тых, хто атрымлівае грошы з бюджэта. Таму перш, чым скарачаць дзяржаапарат, у разумных краінах спачатку праводзяць аўдыт усіх функцый, што выконваюць чыноўнікі, а затым складаюць дарожную мапу з разуменнем таго, ад якіх функцый можна адмовіцца і каму іх перадаць. Толькі пасля гэтага ідзе скарачэнне, якое не павінна праводзіцца механічна – людзей скарацілі, а працу пераразмеркавалі паміж астатнімі. Трэба дакладна ведаць, колькі чалавек патрэбна, каб выконваць тую ці іншую працу. І перш чым скарачаць непасрэдна чыноўнікаў, неабходна змяншаць колькасць умяшальніцтва гэтых самых чыноўнікоў у жыццё грамадзян і бізнеса. А зараз мы проста бачым, што была заява кіраўніка краіны пра неабходнасць скарачэння, і падначаленыя ўзяліся выконваць даручэнне. Хаця, на мой погляд, тут больш папулізм, які мала суадносіцца з рэальнасцю. Трэба ж паказаць, што прэзідэнт абараняе інтарэсы народа. Бо, калі глядзець на сітуацыю з тэхнічнай боку, то ў першую чаргу трэба скарачаць сілавікоў, колькасць якіх у краіне перавысіла ўжо ўсе разумныя межы.

РР: Куды пойдуць людзі, якія патрапяць пад скарачэнне?

Уладзімір Кавалкін: Часцей за ўсё яны проста перастаюць быць дзяржаўнымі служачымі і знаходзяць працу на нейкіх дзяржаўных прадпрыемствах ці ў канцэрнах. Адным словам, у месцах з дзяржаўным фінансаваннем. І, такім чынам, эфекту аб такога скарачэння па сутнасці няма. Акрамя таго, наколькі мне вядома, у некаторых дзяржаўных установах ёсць пэўная колькасць “мёртвых душ” – незапоўненых месцаў. Умоўна кажучы, у аддзеле прадугледжана, што там павіннна пяць чалавек працаваць, а працуе чатыры. А вось пятае месца існуе для таго, каб выплочваць прэміяльныя астатнім чацвярым. Хутчэй за ўсё, могуць патрапіць пад скарачэнне і гэтыя пустыя месцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя