Уладзімір Круцікаў выходзіць на старт



Кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па 57-й  Наваградскай выбарчай акрузе стаў лідар Лідскай аб’яднанай філіі Партыі БНФ Уладзімір Круцікаў. Мы гутарым з ім пра хаду, хібы ды перспектывы выбарчай кампаніі.

IMG_0030_1

 РР: Спадар Уладзімір, наколькі ведаю, вам не адну кампанію прапаноўвалі балатавацца – і ў парламент, і на мясцовых выбарах. Але адмаўляліся. Чаму гэтым разам пайшлі?

Круцікаў: Усё-ткі зразумеў, што нягожа не прыкрываць сабой апазіцыйныя “дзіры”. Я ў акрузе адзіны кандыдат ад дэмакратаў. А акруга велічэзная – два сельсаветы Лідскага раёна, усе Наваградскі  ды Карэліцкі раёны. Я ўсім задаю пытанне – ну а далей што будзе? Адказваюць – задніца!

РР: Ну а самі як адказваеце?

Круцікаў: Неабходныя рэформы – напісаў праграму. Трэба прыбраць закон аб дармаедах. Але ў часе сустрэч жах у вачах – людзі фатальна запалоханыя ўладай. Дый узровень беспрацоўя высокі – і калі што, працы не знайсці. А як дзетак утрымліваць?!

РР: Але ж разумееце, што ўлады не дадуць прабіцца ў “палатку”?

Круцікаў: Не, не дадуць. Дый тое, што выбараў у нас няма, ведаюць усе. Першае – паказаць у часе кампаніі, што ёсць жывыя людзі, якія могуць і не баяцца слова сказаць… Старыя і маладыя, што „за” Луку… Адна частка электарату баіцца перамен – яны прызвычаіліся атрымліваць па 2 млн., прыйдзе новая ўлада – а раптам зачыняць іхняе прадпрыемства, а бардак пачнецца? І другая – пенсіянеры, якія свята вераць прапагандзе. Пры чым, кантынгент самы маламаёмасны, які ходзяць у савецкіх паліто і для якіх час спыніўся…

РР: А ці працягнецца тое?

Круцікаў: Званкі вельмі трывожныя на лідскіх прадпрыемствах. Збіраюцца зачыняць мясакамбінат, пакідаючы толькі кілбасны цэх. Начальства хадзіла-супакойвала іх, што паедуць у міністэрства і да Лукашэнкі, каб далі ім грошы на мадэрнізацыю. Раз давалі – купілі няўдольнае абсталяванне, што і цяпер пыліцца. Возьмем Лідскую абутковую фабрыку – палова абсталявання зноў жа стаіць у цэлафане.  На абутковай працуюць, бывае, 3-4 дні ў месяц і атрымліваюць сарамлівыя капейчыны – там на млрд і млрд нерэалізаванай прадукцыі. „Оптыка” на ладан дыхае – больш за 2 млн не плацяць. Вярхі не ўмеюць кіраваць, а нізы жыць. Перамены неабходныя – прыватная ўласнасць на зямлю, прадпрыемствы рэструктурызаваць, рабіць маленькія, мабільныя. Усё старое, савецкае прыходзіць у тупік. Расея, відавочна, не будзе падтрымліваць. Я ведаю, што толькі мы можам змяніць сітуацыю у краіне. Трэба падняць высока галаву і ісці наперад…

Паводле апытанняў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Круцікава, узровень яго падтрымкі ў акрузе будучымі выбарцамі ужо сёння дасягае 50 %.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара