Уладзімір Падгол: Наш лёс быў прадвызначаны



Экс-кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Уладзімір Падгол працягне ладзіць палітычныя пікеты, шэсці і перформансы.

Уладзімір Падгол

Прычым, сваю мінулую агітацыйную кампанію ён зусім не лічыць эксцэнтрычнай:

Уладзімір Падгол: Ніякай барацьбы – наш лёс і ўсіх астатніх апанентаў быў прадвызначаны, і вось зараз гэтая жанчына, якая абсалютна не разбіраецца ў законах, у заканадаўстве, не прачытала за ўсё сваё жыццё ніводнага закона, ужо не кажучы, што пісала што-небудзь, яна збіраецца быццам бы бараніць інтарэсы творчай інтэлігенцыі – гэта трызненне сівой кабылы. Парламент – гэта месца, дзе пішуцца законы, і больш за тое, вызначаецца стратэгічная палітыка дзяржавы – вонкавая і ўнутраная.

РР: А калі б Андрэй Козік апынуўся ў парламенце, было б лепш?

Уладзімір Падгол: А розніцы ніякай. Ён адукаваны чалавек, начытаны, шмат што ведае, але быў бы такім жа паслугачом гэтай сістэмы, таму розніцы хто націсне кнопку за той ці іншы закон, не было б. Ён бы ніколі не пайшоў супраць закона з Адміністрацыі прэзідэнта, таму лепей нам абраць замест 110 дэпутатаў 117 прыгажунь з кожнага раёна, пасадзіць іх у парламент у купальніках, а парламент пасадзіць у цэнтр “Менск-Арэны”, і каб яны ў сваіх купальнічках выходзілі да трыбуны, нешта казалі пра сябе, пра дзяржаўную палітыку, пра жыццё народа, а галасавалі нагамі.

РР: А як вы ацэньваеце сваю кампанію? Яе ўсе называюць самай эксцэнтрычнай. Ці пакінула яна след у масавай свядомасці, у свядомасці электарата?

Уладзімір Падгол: Крышку пакінула, у асноўным у свядомасці апазіцыйнага электарату, бо звычайны класічны лукашэнкаўскі электарат не заходзіць на нашы інтэрнэт-сайты, увогуле, калі мае камп’ютар, то ён ці ў танкі гуляе, ці глядзіць сэкс – усё.  Але ў свядомасці электарата ён пакінуў даволі моцны і магутны след, аналітыкам яшчэ давядзецца асэнсоўваць тое што я зрабіў разам з Алесем Таўстыкам. Я вам скажу так, што кожная наша акцыя была імправізацыяй – гэта па-першае. Па-другое, яна мела глыбінныя падставы, гэта не дурата была і не эксцэнтрызм, там абсалютна нічога не было эксцэнтрычнага. Возьмем “Куля для прэзідэнта”. Першае, я аўтар гэтага рамана, патрэбна была куля для прэзідэнта, каб ускалыхнуць і свядомасць абывацеляў, і свядомасць самога Лукашэнкі, каб яму паведамілі, вось недалёка ад рэзідэнцыі прайшоў пікет “Куля для прэзідэнта”. Мы ўзялі гэтыя макеты куль і пайшлі ў Адміністрацыю прэзідэнта на Маркса 38, і дайшлі, і перадалі ягонай асабістай ахове. Яны спрабавалі нас у гэтую прыёмную, але мы сказалі, што пісалі дзесяць разоў, а нашы лісты “налева, направа”. Калі не ўлазіць глыбока ў праблему, можна сказаць: “Ах клоўны, ах эксцэнтрыкі”, але якім іншым спосабам скажыце мне давесці  гэта да людзей.

РР: А людзі пазнаюць вас цяпер на вуліцы?

Уладзімір Падгол: Не, я ж там замаскіраваны. Некаторыя так пільна прыглядаюцца, але ж там той шлем. Я выступіў па радыё, выступіў з бліскучым тэкстам, хоць бы адна сабака гаўкнула, хоць бы асудзіла мяне за гэта – маўчок, цішыня магільная проста. Вось вам эфект выступу без гэтага шоў, а вось выйшаў у шлеме з цаглінай і ў бронікамізэльцы – паток проста. Ужо “Наша Ніва” піша: “Вы такога не бачылі”, так вы ж і паслухайце. Я бачу перспектыву такую, што ўсё пра што мы казалі два месяцы, а гэта была праграма Беларускага народнага фронта. Мы шмат спрачаліся, абмяркоўвалі, прынялі гэта на з’ездзе БНФ, што мы пойдзем да людзей на гэтыя выбары, вось менавіта з гэтымі палажэннямі. А зараз мы працягнем патрабаваць ад і ад Лукашэнкі, і ад новых дэпутатаў, выйсці з Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, АДКБ, ЕАЭС і ўсталяваць мяжу, мы будзем гэтага патрабаваць, мы будзем ладзіць і пікеты, і мітынгі, прысвечаныя гэтаму.

РР: Вы будзеце ўсё працягваць?

Уладзімір Падгол: Канешне, мы ж ішлі не для таго, каб абрацца ў парламент – гэта для нас быў адзін з этапаў палітычнай барацьбы за адраджэнне незалежнасці і суверэнітэту.

Згодна з праграмай БНФ, Уладзімір Падгол працягне патрабаць ад кіраўніка Беларусі і новых дэпутатаў высьці з Саюзнай дзяржавы ды ўсталяваць мяжу з Расеяй.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск