Уладзімір Падгол прынёс у тэлестудыю жаночыя ногі



Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Уладзімір Падгол распавёў пра свой удзел у тэледэбатах.

Уладзімір Падгол

Нагадаем, што не так даўно філосаф выступіў на БТ у танкісцкім шлеме і бронекамізэльцы. А вось на запіс тэледабатаў, якія выйдуць у эфір 6 верасня вечарам, прыйшоў з двума жаночымі пластамасавымі нагамі.

Уладзімір Падгол: Напачатку дэбатаў я казаў пры сур’ёзныя рэчы. Пра тое, што нам неабходна скасаваць пагадненне аб Саюзнай дзяржаве, выйсці з АДКБ, з Еўразійскага саюза, бо ўсё гэта пярэчыць нашай Канстытуцыі. Акрамя таго, нагадаў, што неабходна ўсталяваць мяжу з Расеяй. А пасля адкрытым тэкстам сказаў, што нам такі парламент, як сёння, не патрэбны.  Грошы на яго ідуць, а дэпутаты проста штампуюць праекты, якія ім дае Адміністрацыя кіраўніка краіны. А ў студыю я прыйшоў з дзвума жаночымі пластмасавымі нагамі. І прапанаваў новы варыянт парламента. Сказаў, што трэба правесці конкурсы прыгажосці ва ўсіх раёнах Беларусі і выбраць найпрыгажэйшых дзяўчат. Іх у купальніках саджаем у парламент, а парламент месцім у цэнтр “Мінск-Арэны”. Галасаваць дэпутаты будуць не кнопкамі, а голымі нагамі. Напрыклад, за нейкі закон у першым чытанні падымаюць правую нагу, у дзвух чытаннях – левую. Калі супраць, то ногі разводзіш у бакі. На такія шоу квіткі можна прадаваць па 100 даляраў, а замежнікі-мільярдэры і больш могуць заплаціць. І навошта нам МАЗ, МТЗ, БелАЗ? Парламент будзе валютаноснай крыніцай. Як будзе праходзіць галасаванне, я і прадэманстраваў тымі нагамі, што прынёс на БТ.

РР: Вы спрачаліся са сваімі апанентамі?

Уладзімір Падгол: Я запытаў у іх, як яны ставяцца да такога паняцця, як незалежнасць. Амаль усе пачалі выкручвацца. Маўляў, калі нам будзе выгодна, будзем так паступаць, у іншым выпадку – інакш…  Падняў я і тэму наркотыкаў, якія ў асноўным плывуць у нашу краіну з Расеі. Лічу, што нам неабходна паўнавартасная расейска-беларуская мяжа. А яшчэ падчас дэбатаў я паказаў у тэлекамеру фотаздымак маёй апаненткі на выбарах Ірыны Дарафеевай. Фота з нейкага канцэрта, там вецер падняў спадніцу спявачцы, і тая засталася ў трусіках. Я і сказаў: “Вось, выбаршчыкі, ваша дэпутатка, і вы будзеце яе ведаць з усіх бакоў”. Праўда, не ведаю, ці застануцца гэтыя моманты ў эфіры.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара