Уладзімір Падгол вырашыў выйсці з Партыі БНФ



Філосаф Уладзімір Падгол вырашыў выйсці з Партыі БНФ у сувязі з асуджэннем кіраўніцтвам і актывам партыі метадаў, якія ён выкарыстаў падчас мінулай парламенцкай кампаніі. Такое рашэнне Падгол прыняў на пасяджэнні Сойма партыі 8 кастрычніка ў Менску, пацвердзіўшы яго ў адкрытым лісце да выбаршчыкаў, членаў і кіраўніцтва партыі, тэкст якога 10 кастрычніка разаслаў у СМІ.

Падчас парламенцкіх выбараў Падгол прыцягнуў да сябе ўвагу дзякуючы шматлікім акцыям у межах агітацыйнай кампаніі. Ён выступаў на тэлебачанні і сустракаўся з выбаршчыкамі ў бронекамізэльцы і танкавым шлеме, збіраў подпісы як пад нацыянальным сцягам Беларусі, так і пад сцягамі Еўразвязу і ЗША, разам з яшчэ адным кандыдатам у дэпутаты праводзіў яркія палітычныя перформансы па перадачы зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі і іншых службовых асоб з патрабаваннямі з праграмы Партыі БНФ.

d61c027a-3706-4d2f-b62c-8916d42b9f33_w987_r1_s

На пасяджэнні Сойма высветлілася, што гэтыя метады не знайшлі падтрымкі ў кіраўніцтва і шараговых сябраў партыі. У прыватнасці старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч папракнуў Падгола ў тым, што яго эксцэнтрычны вобраз на гэтых выбарах і выступленні пад сцягамі замежных краін, магчыма, адпужнулі беларускі бізнес, на падтрымку якога спадзяецца партыя. Некалькі членаў партыі на Сойме таксама негатыўна ацанілі дзеянні Падгола падчас выбарчай кампаніі. Адразу пасля гэтага філосаф напісаў заяву аб выхадзе, падаў яе Янукевічу і пакінуў пасяджэнне Сойма.

У адкрытым лісце філосаф адзначыў, што «глыбіннай прычынай выхаду з’явілася пазіцыя кіраўніцтва БНФ у дачыненні да адстойвання партыйнай праграмы і, адпаведна, усіх кандыдатаў у дэпутаты ад партыі падчас выбараў». «Калі Лідзія Ярмошына прыгразіла рэпрэсіямі тым кандыдатам, якія будуць прапагандаваць партыйныя каштоўнасці ў СМІ, кіраўнікі БНФ так і не здолелі публічна заявіць пра салідарнасць з каштоўнасцямі партыі», — падкрэсліў Падгол.

Паводле статута Партыі БНФ рашэнне аб выключэнні канкрэтнага члена выносіць тэрытарыяльны орган, які прымаў яго ў склад партыі, альбо сойм Партыі БНФ. На пасяджэнні Сойма Янукевіч заявіў, што рашэнне адносна Падгола прыме мясцовая арганізацыя і толькі пасля асабістай грунтоўнай гутаркі з філосафам, які жадае пакінуць шэрагі партыі.

БелаПАН