Уладзімір Пуцін: Алах пакараў Турцыю



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у пасланні Федэральнаму сходу яшчэ раз зазначыў сваю непрымірымую пазіцыю ў адносінах да Турцыі ды Рэджэпа Эрдагана.

“Алах пазбавіў розуму кіроўную кліку Турцыі”. Расея не будзе бразгаць зброяй, але Турцыя не абыйдзецца аднымі памідорамі за збіты расейскі самалёт. Такія заявы прагучалі з вуснай прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які сёння выступіў са штогадовым пасланнем да Федэральнага сходу. Пуцін прыстрашыў, што тыя, хто ажыццявіў злачынства, яшчэ не аднойчы пашкадуюць:

Таксама Пуцін абвінаваціў Анкару ў падтрымцы тэрарыстаў, ён заявіў, што на заробленыя разам з турэцкім бокам грошы, ісламісты вяруюць наёмнікаў, набываюць зброю ды арганізуюць тэракты:

– Мы ведаем, хто ў Турцыі набівае сваю кішэню і дазваляе тэрарыстам зарабіць на нарабаванай у Сірыі нафце. Менавіта за гэтыя грошы бандыты вярбуюць наймітаў, купляюць зброю, рыхтуюць бесчалавечныя тэракты, накіраваныя супраць нашых грамадзян і грамадзян Францыі, Лівана, Малі,іншых дзяржаў.

Адзначым, што Турцыя абвяргае заявы Расеі, у тым ліку і тое, што яна набывае нафту ў “Ісламаскай дзяржавы”. Прэзідэнт краіны Раджэп Эрдаган заявіў, што падасць у адстаўку, калі такая інфармацыя знойдзе хоць якое-небудзь пацверджанне. Сёння Эрдаган заявіў, што гэта Расея гандлюе нафтай з “Ісламскай дзяржавай” і паабяцаў прадаставіць доказы.

* * *

Адмыслоўцы пасля ўчарашняга брыфінгу расейскіх генштабу ды Мінабароны пішуць, што “рубікон варожасці ў расейска-турэцкіх адносінах пяройдзены”. Ці так гэта? І якія наступствы, выклікі нясе сітуацыя для Беларусі? Кажа першы кіраўнік Незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч:

– Нехта гаворыць, што Пуцін можа ўжыць ядзерную зброю. Скажу, што ў тэхнічным сэнсе Расея вельмі моцна адстае, таму што нельга зрабіць пры бюджэце ў дзесяць разоў меншым тое самае, што робяць на Захадзе. Эканамічна Расея ў такім заняпадзе, што сорам казаць, – “Бананавая Рэспубліка”, толькі замест бананаў – нафта. На вялікі жаль, Лукашэнка можа ўтрымацца пры ўладазе толькі тады, калі будзе выконваць усе загады Пуціна. Пагроза над намі – вялікая.

Станіслаў Шушкевіч сцвярджае, што дзеля захавання стабільнасці краіна мусіць максімальна трымаць дыстанцыю ад уцягвання ў любыя геапалітычныя канфлікты.

* * *

Сваё меркаванне выказвае эканамічны аналітык, сябар АГП Леў Марголін:

– Для Беларусі, як заўжды, адкрываюцца і магчымасці скарыстацца сытуацыяй. Малюскі праверыць можна. А вось ці можна праверыць расейскіх турыстаў, калі яны засвояць маршруты Гомель – Стамбул і Менск – Стамбул. Таму свой маленькі бізнес Беларусь у гэтым накірунку вядзе. І гэта правільна, бо трэба заўсёды карыстацца сытуацыяй. Але радыкальна гэта нашую сітуацыю не вырашыць, нам усё роўна трэба рабіць нешта з нашай эканомікай, якая дыхае на ладан.

Леў Марголін лічыць, што, нягледзячы на гучныя антырынкавыя заявы, Лукашэнку прыйдзецца пайсці на рэформы. У тым ліку і з-за звужэння магчымасці браць крэдыты ў часе доўгатэрміновага расейска-турэцкага канфлікту.

* * *

Выказванні расейскага прэзідэнта каментуе экс-дэпутат ВС СССР, палкоўнік запасу Мікалай Петрушэнка:

– Учора хавалі лётчыка, загінулага ў Сірыі. Як правільна называецца яго пасада – начальнік аддзела падрыхтоўкі лётчыкаў бамбардзіровачнай авіяцыі Расейскай Федэрацыі. Калі такога ўзроўню лётчык ляціць для выканання баявога задання, значыць у Расеі з лётнымі кадрамі справа швах. Таму працяглы канфлікт, на жаль, можа прывесці да ўжывання Расеяй ядзернай зброі, хаця сёння яе яшчэ можна прадухіліць.

Тым не менш Мікалай Петрушэнка падкрэсліў, што дзеля захавання стабільнасці краіна мусіць максімальна трымаць дыстанцыю ад уцягвання ў любыя геапалітычныя канфлікты.

Беларускае Радыё Рацыя