Уладзімір Вялічкін: Праца выбарчых участкаў – у сакрэтным рэжыме



Ніводнай скаргі ва ўчастковыя камісіі, якія тычацца правоў выбаршчыкаў або парушэння выбарчага заканадаўства, не зарэгістравана ў Берасці. Аналагічная сітуацыя назіраецца ў тэрытарыяльных камісіях. Берасцейскі незалежны назіральнік, праваабаронца Уладзімір Вялічкін не схільны давяраць такім дадзеным, паколькі доступ да скаргаў – абмежаваны.

– Наколькі можна давярыць, ці недавярыць – я не ведаю. Калі я буду бачыць гэтую кніжку, калі буду трымаць у руках, гартаць старонкі гэтага журнала, у якім вядзецца ўлік уваходных дадзеных, тады я мог б сказаць больш дакладна. Але на сённяшні дзень праца камісій выключна закрытая.

„Мне як назіральніку не даюць магчымасці знаёміцца з дакументацыяй, таксама мне не далі магчымасці папрысутнічаць пры праверцы подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў,” – дадаў Уладзімір Вялічкін. Праваабаронца падкрэсліў, што сябры камісій проста забываюць запрашаць на пэўныя паседжанні яго як адкрэдытаванага назіральніка, а шэраг сваіх сустрэч называюць „працоўным момантам”, на якія не дапускаюць іншых асобаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце