Уладзіміра Андрэйчанку зноў абралі старшынём Палаты прадстаўнікоў



Уладзімір Андрэйчанка абраны старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Выбары кіраўніка новага парламента адбыліся 11 кастрычніка.

1025512431

Андрэйчанка вылучаўся на пасаду старшыні на безальтэрнатыўнай аснове. За яго па выніках тайнага галасавання свае галасы аддалі 109 дэпутатаў, супраць — адзін.

Андрэйчанка з`яўляўся старшынём Палаты прадстаўнікоў чацвёртага і пятага скліканняў.

«Для мяне гэта вялікі гонар, — пракаментаваў Андрэйчанка вынікі галасавання. — Гэта ацэнка не толькі маёй дзейнасці, але і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага склікання». «У Палату прадстаўнікоў шостага склікання прыйшлі годныя, неабыякавыя, вельмі падрыхтаваныя людзі. Думаю, у нас будзе канструктыўная зладжаная праца па рэалізацыі палітычнага курсу, выпрацаванага народам і прэзідэнтам», — дадаў ён.

Абраць Андрэйчанку на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў прапанавала дэпутат Наталля Гуйвік. Яе ў сваіх выступленнях падтрымалі яшчэ некалькі парламентарыяў. На думку Гуйвік, Андрэйчанка з`яўляецца «лідарам, якога паважаюць, да думкі якога прыслухоўваюцца не толькі дэпутаты, але і прадстаўнікі іншых галін улады».

Сам Андрэйчанка падчас свайго выступлення заявіў, што паспрабуе „апраўдаць давер, зрабіць усё, каб падвысіць аўтарытэт парламента”. Ён таксама адзначыў, што неабходна падвысіць „адкрытасць выбарчага працэсу”, „не баяцца чужога пункта гледжання”. Аднак, дадаў Андрэйчанка, „спрэчкі і дыскусіі не павінны перашкаджаць канструктыўнай парламенцкай працы”.

***

Андрэйчанка Уладзімір Паўлавіч нарадзіўся 2 студзеня 1949 года ў вёсцы Мар`янава Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум (1968), Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут (Расія, 1977), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1988). Працоўную дзейнасць пачаў у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці як аграном. Пасля службы ў арміі (1968—1970) цягам 17 гадоў у Лёзненском раёне быў на камсамольскай і партыйнай працы.

1981—1991 — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі, старшыня Лёзненскага райвыканкама, першы сакратар Верхнядзвінскага райкама КПБ.

1991—1994 — першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, старшыня абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні.

У лістападзе 1994 года прызначаны старшынёй Віцебскага аблвыканкама.

1990—1994 — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання.

З`яўляўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трох скліканняў. Уваходзіў у склад пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі.

2008—2012 — старшыня Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання.

2012—2016 — старшыня Палаты прадстаўнікоў пятага склікання.

Узнагароджаны ордэнам Айчыны II і III ступені, удастоены ганаровага звання „Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. Мае дзве падзякі прэзідэнта, узнагароджаны ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета міністраў.

БелаПАН