Улаховіч параўнаў Партыю БНФ з „Ісламскай дзяржавай”



Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне „Беларускае казацтва” плануецца рэарганізаваць у „Беларускае казачае войска”, заявіў вярхоўны атаман арганізацыі Мікалай Улаховіч, выступаючы на пазачарговым сёмым вялікім крузе казакоў, які праходзіць 6 лютага ў Менску.

Ён адзначыў, што аб’яднанне было створанае 20 гадоў таму. „За гэты час галоўная мэта – адраджэнне беларускага казацтва, лічу, выкананая. Цяпер неабходна ствараць „Беларускае казачае войска”, накшталт тых, якія дзейнічаюць у Расеі”, – сказаў Улаховіч.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што стварэнне казацкага войска неабходна правесці ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.

Улаховіч адзначыў, што асноўнай задачай казакоў з’яўляецца воінская служба. Неабходнасць стварэння казацкага войска ў Беларусі ён патлумачыў і тым, што наша дзяржава мяжуе з краінамі НАТА.

Паводле яго слоў, Беларусі неабходныя спакой і парадак, а не хаос. Такія арганізацыі, як Партыя БНФ, ён назваў „параўнальнымі з „Ісламскай дзяржавай””. Пры гэтым беларускіх казакоў вярхоўны атаман лічыць антыфашыстамі. „Мы хочам вырасціць моцных духам ваяроў, выхаваных на ідэалах патрыятызму і праваслаўя”, – заявіў Улаховіч.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў не менш востра адказаў Мікалаю Улаховічу:

– Можа быць для прадстаўніка пракрамлёўскай пятай калоны Улаховіча канешне Партыя БНФ будзе з’яўляцца галоўным ворагам – партыя, якая абараняе і абараняла інтарэсы Беларусі, інтарэсы беларускага народа. Калі ў чалавека не атрымліваецца выканаць заданне Крамля, то адназначна ў гэтых сваіх не поспехах ён шукае ворагаў. Імкнецца яшча раз лізнуць задняе месца сваім гаспадарам, якія знаходзяцца ў Крамлі.   

У мерапрыемстве бяруць удзел прыкладна 80 чалавек.

Нагадаем, што Улаховіч з’яўляўся кандыдатам у прэзідэнты 2015 году; паводле афіцыйных дадзеных, за яго прагаласавала 1,7% выбаршчыкаў.

belapan.com

Фота news.vitebsk.cc