Карымава пахавалі ў Самаркандзе



 Як паведамляе карэспандэнт агенцтва «Інтэрфакс», цырымонія развітання прайшла ў самаркандскай рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы.

Жалобную цырымонію адкрыў прэмʼер-міністар Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў, які ўзначаліў дзяржкамісію па арганізацыі пахавання. У яе таксама ўваходзяць старшыня сэнату Нігматула Юлдашаў (па законе ён фармальна ўзначальвае краіну ў выпадку смерці прэзідэнта), спікер заканадаўчай палаты Нурдзінжон Ісмаілаў, члены ўраду, міністры, прадстаўнікі грамадскасці. На цырымоніі прысутнічалі жыхары Узбекістану, прадстаўнікі ўраду, сваякі Карымава, дыпламаты і кіраўнікі замежных дзяржаў. Лукашэнка і Пуцін ​​не прыехалі на пахаванне Іслама Карымава, прыслалі прэм’ер-міністраў сваіх краін.

* * *

Беларускую дэлегацыю на пахаванні Карымава ўзначаліць Андрэй Кабякоў. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі са смерцю прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава накіраваў спачуванне кіраўніцтву гэтай краіны ды ўсяму яе народу, а таксама сям’і і блізкім нябожчыка, – паведаміла прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант. Паводле яе, па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў жалобных мерапрыемствах ва Узбекістане ў сувязі са смерцю Карымава прыме ўдзел прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

* * *

У паведамленні гаворыцца, што прэзідэнт Узбекістана пайшоў з жыцця сёння. Яго пахаванне пройдзе ў Самаркандзе. Кіраўніком камісіі па арганізацыі цырымоніі прызначаны прэм’ер Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ўрада, якое распаўсюдзілі адразу два інфармацыйныя агенцтвы – „Интерфакс” і „РИА”.

У пятніцу 2 верасня Кабінет міністраў Узбекістана паведаміў, што лідар краіны знаходзіцца ў крытычным стане. Аб шпіталізацыі Іслама Карымава стала вядома 28 жніўня. Першапачаткова паведамлялася, што прэзідэнт Узбекістана знаходзіцца на стацыянарным лячэнні. Затым яго дачка Лола Карымава-Цілаева паведаміла, што лідар краіны перанёс кровазліццё ў мозг.

Адразу тры дыпламатычныя крыніцы паведамілі пра смерць прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава. Інфармацыю пра яго смерць распаўсюдзіла агенцтва REUTERS.

Чуткі пра смерць узбекскага лідара цыркулявалі ў СМІ з мінулай нядзелі 28 жніўня, калі стала вядома пра тое, што Карымаў з інсультам трапіў у бальніцу.

Раней узбекскія СМІ апублікавалі паведамленне кабінета міністраў рэспублікі пра стан прэзідэнта краіны Іслама Карымава. У ім адзначалася, што стан узбекскага лідара за апошнія суткі рэзка пагоршыўся. Таксама Кабмін пацвердзіў паведамленні пра тое, што Карымаў перанёс інсульт.