Ужо першыя дні агітацыі дэманструюць няроўнасць умоў



Ужо першыя дні агітацыі за кандыдатаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў дэманструюць няроўнасць умоваў, створаных для праўладных кандыдатаў і прадстаўнікоў апазіцыі, — лічыць прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат па Менскай Кастрычніцкай акрузе №97 Ганна Канапацкая.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Менавіта гэтым яна тлумачыць тое, што ўжо 11 жніўня ў Менску з’явілася шмат пікетаў кандыдатаў ад праўладнай «Белай Русі», а пікетаў прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі няма:

— Вельмі цікава даведацца ў апанентаў з «Белай Русі», дзе яны так хутка змаглі выдрукаваць свае інфармацыйныя матэрыялы, стварыць фонд і зладзіць правядзенне гэтых пікетаў, атрымаць дазвол у Менгарвыканкаме. Усё гэта наводзіць на такія думкі, што значыць за імі нехта стаіць.  

Як кажа Ганна Канапацкая, яе выбарчая  каманда толькі 11 жніўня атрымала ўсе неабходныя дакументы ад участковых выбарчых камісій. Толькі 12-га з’явілася магчымасць адчыніць свой выбарчы фонд. І толькі 15 жніўня можна будзе аплаціць усе агітацыйныя матэрыялы. Таму і ўзнікае пытанне: а як у кандыдатаў ад улады атрымалася зрабіць гэта хутчэй?

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск