Ва Украіне чарговы канфлікт паміж СБУ і грамадскімі актывістамі



Ва Украіне разгортваецца чарговае супрацьстаянне паміж Службай Бяспекі Украіны і грамадскімі актывістамі. Гэтым разам у цэнтр увагі патрапіў «Грамадзянскі корпус Азоў-Крым». У канфлікце фігуруе і Беларусь.

Канфлікт паміж «Грамадзянскім корпусам Азоў-Крым» і СБУ пачаўся адразу пасля затрымання ўкраінскімі спецслужбамі лідара гэтага корпусу, Станіслава Краснова. Краснова абвінавацілі ў закладцы тайніка са зброяй пад Кіевам, а таксама ў доўгатэрміновым супрацоўніцтве з ФСБ. У прыватнасці, у Службе Бяспекі Украіны сцвярджаюць, што Красноў нібыта з 10 па 13 лютага знаходзіўся ў Беларусі, дзе атрымаў ад свайго куратара з расейскіх спецслужбаў чарговае заданне. Зрэшты, ніякіх пераканаўчых доказаў у СБУ пакуль не прадставілі.

Сам Красноў заяўляе пра відавочную абсурднасць абвінавачванняў, а таксама пра катаванні з боку аператыўнікаў СБУ.

Тым часам пад офісам Службы Бяспекі Украіны ўжо адбылася акцыя пратэсту, якую наладзілі грамадскія актывісты «Азова».

«Грамадзянскі корпус Азоў-Крым» – добраахвотная арганізацыя, створаная для дапамогі корпусу «Азоў», які структурна ўваходзіць у Нацгвардзію Украіны.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя