Ва Украіне новы віток палітычнага крызісу



Прэзідэнт Пётр Парашэнка заклікаў падаць у адстаўку прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка і Генеральнага пракурора Віктара Шокіна.

83591

(Фота rada.gov.ua)

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Пётр Парашэнка заклікаў Арсенія Яцанюка і Віктара Шокіна да адстаўкі ў пісьмовым звароце, апублікаваным на сайце Адміністрацыі прэзідэнта. Галоўнымі прычынымі, якія змусілі ўкраінскага лідара адправіць у адстаўку прэм’ера і Генпракурора, Парашэнка называе страту даверу да ўраду з боку Вярхоўнай Рады, а таксама нізкую ступень даверу да гэтых высокапасадоўцаў у грамадстве.

“Маем заняпад узроўню жыцця грамадзян Украіны, а разам з ім – і давер людзей да ўлады”, – канстатаваў Пётр Парашэнка. “Згодна апытанняў грамадскай думкі, каля 70 % выбаршчыкаў выступаюць за адстаўку Кабінета Міністраў. Пагадзіцеся, гэты паказчык нельга ігнараваць катэгарычна”, – дадаў прэзідэнт Украіны.

Пасля гэтага генеральны пракурор Украіны Віктар Шокін напісаў заяву пра адстаўку, піша „Українська правда”.

Парашэнка адзначыў дасягненні Шокіна ва ўкараненні важных рэформ, аднак канстатаваў, што ГПУ „не змагла заручыцца даверам грамадства”. „І менавіта таму на парадку дня стаіць пытанне пра адстаўку генпракурора”, – патлумачыў ён.

Пётр Парашэнка падкрэсліў, што пакуль не збіраецца распускаць Вярхоўную Раду, і што гэтым правам ён скарыстаецца толькі ў крайнім выпадку.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя