Ва Украіне разгортваецца чарговы палітычны скандал



Падчас пасяджэння Рады рэформаў паміж міністрам унутраных спраў Арсенам Авакавым і адэскім губернатарам Міхаілам Саакашвілі пачалася сварка. У кульмінацыйны момант галоўны ўкраінскі міліцыянер кінуў у адэскага губернатара шклянку з вадой. На пасяджэнні прысутнічаў амаль увесь украінскі палітычны бамонд на чале з прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Следам за вадой са шклянкі міністра ўнутраных спраў ва ўкраінскія медыя выплеcнулася сапраўднае шоў. Ужо праз колькі гадзінаў Міхаіл Саакашвілі зрабіў афіцыйную заяву на тэлебачанні, у якой абвінаваціў Арсена Авакава ў датычнасці да карупцыйных схемаў на Адэскім прыпартовым заводзе, супрацоўніцтве з расейскім алігархатам, а таксама ў хуліганстве і непасрэдных пагрозах у свой адрас. Пры гэтым адэскі губернатар “катэгарычна запатрабаваў”, як ён сам выказаўся, апублікаваць відэа сваркі.

У сваю чаргу, міністр унутраных спраў Украіны адмятае ўсе звінавачванні адэскага губернатара і характэрызуе яго як “істэрыка і злодзея”.

Пётр Парашэнка паабяцаў пакараць абодвух удзельнікаў інцэдэнта, але як менавіта, пакуль не паведаміў.

Імаверна, скандальнае відэа падзей на пасяджэнні Рады рэформаў так і не будзе апублікаваным, бо, безумоўна, нанясе вялікую шкоду іміджу Украіны.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя