Вадзім Саранчукоў: Галоўная тэма маёй кампаніі – нацыянальная бяспека



Ініцыятыўная група па зборы подпісаў за старшыню гарадзенскай арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова ў якасьці кандыдата па 51-ай Цэнтральнай выбарчай акрузе – зарэгістравана. Гэты спосаб вылучэння для лакальнага кіраўніка афіцыйна зарэгістраванай партыі дае магчымасць сустракацца з выбарцамі на адкрытых пляцоўках, пікетах у вызначаны заканадаўствам перыяд для збору подпісаў.

Вадзім Саранчукоў патлумачыў, якія пытанні будзе ўздымаць перад выбарцамі.

– Вельмі важным момантам маёй кампаніі будзе нацыянальная бяспека. Бо сёння рэальныя пагрозы сыходзяць для нашай краіны з боку ўсходняй суседкі – Расейскай Федэрацыі. У прыватнасці, новая вайсковая база, якая пад Смаленскам, і ўвогуле тыя тэндэнцыі, якія зараз адбываюцца ў расейскім кіраўніцтве. Яны выклікаюць занепакоенасць, як мінімум, а як максімум, могуць казаць пра тое, што рознага кшталту сцэнарыі, у тым ліку магчымасць гібрыдных войнаў, распрацоўваюцца ў дачыненні да нашай краіны. Таму гэтая тэма будзе вельмі важная для нашай кампаніі.

Ужо ў наступным тыдні плануюцца першыя пікеты прадстаўнікоў партыі БНФ на вуліцах Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя