Валер Карбалевіч: З Масквы сігнал паступіў яшчэ раней



Палітолаг Валер Карбалевіч распавёў, што можа выгандляваць беларускі кіраўнік падчас сустрэчы з Пуціным.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў журналістам, што на 3 красавіка запланавана сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. На ёй плануюць абмеркаваць работу па ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў у ЕАЭС.

Між тым, ужо сёння ў Маскве прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў абмяркуе “актуальныя пытанні” са сваім расейскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым.

Валер Карбалевіч: Мяркую, што падчас сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі вельмі вялікая верагоднасць таго, што будзе вырашана нафтагазавае пытанне. Невыпадкова, што зараз і Кабякоў накіраваўся ў расейскую сталіцу. Ды і сама сустрэча была прызначана тэрмінова. Наколькі я разумею, гэта будзе пасяджэнне Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы. А беларускі ж кіраўнік раней казаў, што, пакуль не будзе вырашэння нафтагазавага пытання, то няма сэнсу і ехаць на гэты савет. Таму, мабыць, ужо знайшлі нейкі кампраміс.

РР: Ці выпадкова, што сустрэча з Пуціным прызначана менавіта пасля падзей 25 сакавіка, пасля таго, як многія нацыянальна свядомыя беларусы адпраўлены за краты? Ці можна звязаць гэтыя падзеі?

Валер Карбалевіч: Напэўна, так, але, як мне падаецца, нейкі сігнал з Масквы паступіў  яшчэ раней – тады, калі Лукашэнка раптам пераарыентаваўся наконт таго, хто галоўны вораг для краіны і хто стаіць за пратэстнымі акцыямі ў Беларусі. Не выключана, што беларускі кіраўнік атрымаў сігнал з Крамля, што магчымасць вырашэння канфлікта ёсць. Бо падчас паездкі ў Магілёў ужо пачаліся заявы і пра баевікоў, і пра заходнія спецслужбы… А жорсткі разгон дэманстрантаў лагічна дадаецца ў агульны сцэнар. Масква задаволена.

РР: Але ж, напэўна, і дыялог з Захадам не спыніцца…

Валер Карбалевіч: Пакуль няма падстаў казаць пра спыненне дыялога. Былі заявы розных міжнародных структур і заходніх палітыкаў з асуджэнняў рэпрэсій, якія пачаліся ў Беларусі, але не больш за тое. Пытанне новых санкцый нават не ўздымалася.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя