Лазарэнкаў: Калі народ захоча, улада зменіцца за адзін дзень



У беларусаў стойкая рэмісія да выбараў. Падзяка за такую сітуацыю толькі ўладзе, якая ператварыла выбар людзей у праўладныя  прызначэнні. Таму перад хуткімі парламенцкімі выбарамі звыклае поўнае зацішша. Апазіцыя не можа па-ранейшаму выпрацаваць адзіны падыход да ўдзелу ці няўдзелу ў выбарах. Гэтую сітуацыю паэт-пчаляр з Пружаншчыны, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мікола Папека лічыць патавай:

– Што тычыцца выбараў, то сітуацыя ў Беларусі надзвычай складаная ўжо вельмі даўно, і што з гэтым рабіць – ніхто не ведае. Аднолькава маюць рацыю і тыя, хто кажа не ўдзельнічаць, і тыя, хто за ўдзел у выбарах.

Берасцейскія кіраўнікі абласной Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі і Валянцін Лазарэнкаў лічаць, што апазіцыі трэба ўдзельнічаць у выбарах, якія яны лічаць палітычнай кампаніяй для легальнай магчымасці заваявання электарату. Кажа Ігар Маслоўскі:

– Удзел у такіх палітычных кампаніях дазваляе паказваць і дэманстраваць свае ідэі. Дае больш магчымасцяў сустрэцца з выбаршчыкамі, зайсці ў кожную кватэру. Нават выступіць у дзяржаўным друку і на дзяржаўных тэлебачанні і радыё. Стаяць легальна і афіцыйна пад нашымі бел-чырвона-белымі сцягамі ў пікетах. Праводзіць тысячы і тысячы сустрэчаў.

Валянцін Лазарэнкаў:

– Калі 80% народа захоча, то ўлада зменіцца за адзін дзень. Дык працаваць трэба так, каб мы мелі гэтыя 80%.

Паводле Міколы Папекі, калі не будзе ў камісіях прадстаўнікоў ад розных партый, калі не будзе празрыстага падліку галасоў і калі захаваецца датэрміновае галасаванне, то чакаць пераменаў праз выбары не прыходзіцца. І асноўную працу апазіцыя павінна засяродзіць на ліквідацыі гэтай выбарчай заганы.

Беларускае Радыё Рацыя