Вашчыкоўскі пракаментаваў прапанову ўладаў Падляшша наконт бязвізавага руху



Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пракаментаваў прапанову ўладаў Падляшскага ваяводства ўвесці бязвізавы рэжым для беларусаў.

Кіраўнік польскай дыпламатыі адзначыў, што такія рэчы з’яўляюцца прэрагатывай афіцыйнай Варшавы, і таксама дадаў, што гэтае рашэнне павінна быць зацверджана на ўзроўні Еўразвязу:

— Прызнанне бязвізавага руху ці малога памежнага руху з іншай дзяржавай — гэта рашэнні, якія прымаюць цэнтральныя улады. І гэта не прэрагатыва самаўраду. Але падобныя ініцыятывы рэгіструюцца і яны заахвочваюць цэнтральныя улады пайсці ў гэтым кірунку. Па-другое, рашэнні Польшчы, што да візавых пытанняў і малога памежнага руху, павінны ўзгадняцца ў межах Еўразвязу, у які мы ўваходзім.  

Таксама на супольным брыфінгу з Уладзімірам Макеем Вітальд Вашчыкоўскі нагадаў, што Польшча падпісала дамову пра малы памежны рух з Беларуссю яшчэ ў 2010 годзе, і таму цалкам гатовая гэты рух увесці, калі на тое будзе згода беларускага боку. Кіраўнік польскага МЗС дадаў, што афіцыйны Менск спасылаецца на непадрыхтаванасць да малога памежнага руху прапускных пунктаў, і Варшава разам з Еўразвязам можа матэрыяльна дапамагчы ў іх абсталяванні. Галоўнае, каб была добрая воля беларускіх уладаў.

Кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей дадаў, што ў нацыянальных інтарэсах Беларусі развіваць адносіны з краінамі Еўразвязу, а таксама з іншымі геапалітычнымі гульцамі, такімі як ЗША і Кітай. У той жа ж час Макей дадаў, што пабудова адносінаў з Захадам не робіцца за кошт адносінаў з Расеяй.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя