Суд над Мураўёвым – “прывітанне” ўсім інвестарам



Былы генеральны дырэктар прадпрыемства “Амкадор” Васіль Шлындзікаў распавёў пра тое, як улады “падвышаюць” інвестыцыйную прывабнасць краіны.

30 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы будзе вынесены прысуд бізнесмену Аляксандру Мураўёву. Пракурор запатрабаваў для ўладальніка ААТ “Мотавела” і шклозавода “Ялізава” 12 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці – за махлярства, ухіленне ад падаткаў і садзейнічанне ў злачынстве. Мураўёў з самага пачатку не прызнаў сваю віну.

Васіль Шлындзікаў: Такога абсурднага абвінавачвання я ўжо даўно не бачыў. Гэта проста абсурд! Чалавека, які ўклаў (па сутнасці – закапаў) у былое дзяржаўнае прадпрыемства 20 мільёнаў даляраў, яшчэ хочуць пасадзіць у турму на 12 гадоў. Такое нават прыдумаць складана! У любым незалежным судзе гэтыя абвінавачванні рассыпаліся б, а перад чалавекам папрасілі прабачэнне і далі б кампенсацыю за той час, што ён правёў за кратамі. Але гэта не пра нас.

А яшчэ гэтая справа паказала, што тыя, хто яе арганізаваў, альбо абсалютна неадукаваныя з пункту гледжання гаспадарчага права людзі, альбо з асаблівымі чалавечымі якасцямі. Пасля рэвалюцыі 17-га года таксама з’явіліся таварышы, якія з радасць “стукалі” на калег, суседзяў і блізкіх, калі бачылі, што тыя па нейкіх параметрах лепшыя за іх. Сёння правасуддзе больш гуманнае – менш расстрэльваюць. Але ж гэта жах, калі пракурор просіць даць 12 гадоў зняволення маладому разумнаму бізнесмену толькі за тое, што ён вырашыў інвеставаць 20 мільёнаў даляраў у прадпрыемства, але не ўсё ў яго атрымалася.

РР: Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя. З аднаго боку, улады запрашаюць у краіну інвестараў, распавядаючы пра цудоўныя ўмовы для працы, а з іншага –  адбываюцца такія суды над інвестарамі…

Васіль Шлындзікаў: Часам мне здаецца, што запусцілі нейкую праграму на знішчэнне ў Беларусі бізнес-эліты. Па сутнасці, наносіцца вялікі ўрон эканоміцы краіны. І гэтая праграма працуе бездакорна – як канвеер. Часам становіцца проста страшна. А суд над Мураўёвым – “прывітанне” ўсім інвестарам. Пасля такіх судоў блізка ніхто не захоча ўкладваць сюды грошы, якія ў момант можна згубіць, а самому адправіцца ў турму.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя