Віктар Янчурэвіч паспрабуе стаць дэпутатам з другой спробы



Cябра руху «За свабоду» і кандыдат у Палату прадстаўнікоў па Партызанскай акрузе № 110 г.Менска Віктар Янчурэвіч распавёў пра тое, на які вынік разлічвае ў кампаніі.

janchurevich-n2vk2

Віктар Янчурэвіч: У 2008 годзе я таксама вылучаў сваю кандыдатуру на парламенцкіх выбарах па Каліноўскай выбарчай акрузе ў Першамайскім раёне сталіцы, але ў выніку святкаваць перамогу не давялося. Праўда, з таго часу стаў актыўна займацца грамадскай дзейнасцю. Тады да мяне, як да кандыдата ў дэпутаты, звярнуліся мясцовыя жыхары, каб я ўзняў праблему Севастопальскага парка, на месцы якога хацелі зрабіць забудовы. З таго часу я і займаюся абаронай правоў жыхароў сталіцы ў межах ініцыятывы «Экаград». А зараз вырашыў ізноў паспытаць шчасця на парламенцкіх выбарах.

РР: Верыце ў станоўчы вынік?

Віктар Янчурэвіч: Ва ўсялякім выпадку, лічу, што мае шанцы добрыя, калі галасы будуць лічыць нармальна. У Партызанскай акрузе наша ініцыятыва добра вядома людзям. Некалькі гадоў таму на скрыжаванні вуліц Першамайскай і Пуліхава ля ракі Свіслач хацелі знесці фантан  і пабудаваць на яго месцы нейкі рэстаранны комплекс. У выніку мы дамагліся таго, што праект адхілілі. Сёлетні досвед збору подпісаў паказаў, што выбаршчыкі не ўскладаюць на дэпутатаў свае надзеі на паляпшэнне жыцця і не вельмі давяраюць кандыдатам. Але, калі чалавек бачыць, якой ты працай займаўся да гэтага і займаешся зараз, то пытанняў да цябе не ўзнікае. Я знаходжу падтрымку ў выбаршчыкаў, якія ведаюць мяне па рэальных справах. А які будзе канчатковы вынік – час пакажа. Тут не ўсё залежыць ад нас.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя