Віталя Рымашэўскага выклікаюць у аддзел прымусовага выканання



Сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага выклікаюць з’явіцца 10 сакавіка ў аддзел прымусовага выканання Менскага раёна ў якасці даўжніка.

Як паведаміў БелаПАН палітык, два судовыя выканаўцы прыйшлі 7 сакавіка да яго дадому ў Заслаўі. Пры гэтым, паводле яго слоў, яны „без дазволу зайшлі на тэрыторыю заблакаванага ўчастка і напалохалі маю сямігадовую дачку, якая там гуляла”.

Рымашэўскі не ведае, пра які доўг ідзе гаворка. Паводле яго слоў, адміністрацыйныя штрафы, якія ён атрымліваў у 2016 годзе, былі аплачаныя.

Дзеянні судовых выканаўцаў Рымашэўскі называе націскам на сябе і сваю сям’ю. „Ніякіх апавяшчэнняў пра даўгі я не атрымліваў. Яны павінны ведаць мой нумар тэлефона, але ніхто мне не тэлефанаваў”, — сказаў ён.

Палітык не выключыў, што будзе скардзіцца на дзеянні судовых выканаўцаў у пракуратуру.

БелаПАН