Вольга Кавалькова: Падалі скаргу ў Вярхоўны суд



Кіраўніцтва аргкамітэту па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Хрысціянска-дэмакратычны рух» падало ў Вярхоўны суд скаргу на нерэгістрацыю арганізацыі Міністэрствам юстыцыі. У скарзе падкрэсліваецца, што рашэнне аб нерэгістрацыі было прынята незаконна, бо ўсе пададзеныя дакументы адпавядалі нормам заканадаўства. Па словах старшыні аргкамітэту грамадскага аб’яднання Вольгі Кавальковай, Мінюст павінен быў па закону прадаставіць час на выпраўленне фармулёвак у рэгістрацыйных дакументах, якія ў міністэрстве палічылі не адпавядаючымі заканадаўству.

– Мы падалі скаргу на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне “Хрысцінска-дэмакратычны рух”. Мы лічым, што ні адна прычына адмовы не з’яўляецца законнай і абгрунтаванай. Асноўная прычына адмовы – гэта мэта нашай арганізацыі: абарона законных правоў і інтарэсаў грамадзянаў. Згодна з Грамадзянскім Кодэксам Рэспублікі Беларусь, некамерцыйныя арганізацыі могуць ствараць дасягненні розных мэтаў, у тым ліку для абароны правоў і інтарэсаў грамадзян Рэспублікі Беларусь. Тыя адмовы, якія прапісаныя ў рашэнні Міністэрства юстыцыі, на мой погляд, юрыдычна не абгрунтаваныя.

Рашэнне Мінюста Вольга Кавалькова таксама называе палітычным. Устаноўчы сход рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Хрысціянска-дэмакратычны рух» адбыўся 14 лістапада ў Менску. 14 снежня ў Міністэрства юстыцыі была пададзена заява аб дзяржаўнай рэгістрацыі разам з усімі дакументамі. 20 студзеня быў атрыманы ліст з Міністэрства, у якім паведамляецца, што Мінюстам прынята рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота BCHD.INFO