Вольга Маёрава: «Уладзе няма чаго пакласці на шалі вагаў»



Экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вольга Маёрава  прыйшла на акцыю салідарнасці з затрыманымі на Дзень Волі на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі сваіх аднадумцаў і сяброў. Грамадскай актывісткі Вольгі Нікалайчык ды сябра АГП Алексы Кліменкі. На той момант іх месца знаходжання было невядомае.  

Вольга Маёрава: Калі людзі ў нядзелю яшчэ раз выйшлі на Плошчу – для мяне гэта была найважнейшая фінальная кропка. Прынамсі, таго, што ўсе разумеюць: бразганне шчытамі ды дэманстрацыя “падаўляючай” тэхнікі ёсць насамрэч паказальнік слабасці ўлады. Нават істэрыкі. Мы разумелі, што можам смяяцца ім у твар, рагатаць над іх “амуніцыяй”. Мы стаялі перад імі з бел-чырвона-белым сцягам, а яны чакалі каманды “фас” зверху. Хоць разумелі і бачылі, што загады “адтуль” становяцца ўсё больш шалёнымі. Нас сабралася больш за сотню: тых, што не маглі не рэагаваць на масавае збіццё людзей. За тое што выйшлі – вялікі, нізкі ім паклон!

РР: Тым больш, яны ведалі, што ізноў падпадуць пад “хапун”…

— Адназначна! Усе ж бачылі падагнаныя “учарашнія” аўтазакі, што стаялі ля Акадэміі Навук. І каб АМАП не пачаў выганяць з Плошчы, былі б яшчэ сотні і сотні людзей. Я прыйшла шукаць маіх сяброў Алексу Кліменку (атрымаў 4 сутак арышту – РР.) і Вольгу Нікалайчык (10 сутак – РР. ) Дарэчы, тое, што многіх дэманстрантаў адпусцілі ў той жа дзень без складання пратакола лічу таксама слабасцю ўлады. Яна не можа “пераварыць” такой колькасці затрыманых і не хоча зліць, мець ворагамі столькі сем’яў. Тым больш, хапалі без разбору, проста на вуліцы. І тых, хто пра святкаванне нават не ведаў. Алекса ж прыйшоў з мэтай памяняць наша жыццё. І адкрыта гаварыў сілавікам усё, што думае пра іх ды іх метады. Баюся, што ў турме яго могуць збіць, таму палічыла прыйсці і гучна назваць яго імя.

РР: Не магу не задаць пытання, што ў галовах тысяч людзей – чаму ўсё адбылося і што далей?

—  Два тыдні таму мы з Наталляй Басалыгай былі ў прыёмнай міністра Шуневіча. Дзе мы напісалі заяву, што хочам сустрэцца з ім на тэму грамадзянскага дыялогу грамадства з сілавікамі і перадаць петыцыі, пад якімі сабралі 70 подпісаў – супраць эканамічнага пераследу прадпрымальнікаў і штрафаў. Хто толькі не ставіў подпіс – ад Карніенкі да Севярынца. І таксама наконт першых затрыманняў. Акурат перад 25 атрымала адказ – мне адмовілі ў сустрэчы на гэтыя тэмы. Таму калі ішла на акцыю, ужо разумела што нас чакае. І тое, што гэтыя чыноўнікі ў мундзірах цывілізавана гаварыць з намі не жадаюць у прынцыпе. І працаваць не ўмеюць інакш. У іх логіка людзей, што працуюць толькі мускуламі і не ўмеюць дамаўляцца. А ў нас няма рычагоў уздзеяння на іх. Пакуль не ўбачаць, што нас стане настолькі шмат, што на ўсіх не хопіць “рэсурсаў”. Я шмат размаўляла гэтымі днямі, у тым ліку, з амапаўцамі. У менскіх пустыя вачніцы і прамытыя мазгі, яны нават не спрабуюць цябе пачуць.  Тыя, што прыгналі з правінцыі, іншыя. У іх станавіліся круглымі вочы, калі казала, што бароняць усяго два катэджы Ярмошынай па мільёну даляраў кожны, спецпаліклінікі і саўны з “дзяўчатамі” іх жа высокіх начальнікаў. Між іншым, раней не заангажаваныя людзі адыходзілі ад бел-чырвона-белага сцяга, каб палітычна “не свяціцца”. Зараз гэта для ўсіх адназначна сцяг пратэсту.

РР: Дзень Волі стаў паразай уладаў ці пратэстуючых?

— Не магу сказаць, што ўлады да рэшты адчулі ўласную бездапаможнасць. Ім кружыць галовы застрашальная тэхніка, што маецца, бронекамізэлькі і пачуццё беспакаранасці. У той жа час людзі не даспелі да грамадзянскай самаарганізацыі. На арэлях усё хістаецца, але класці на іх уладзе няма чаго.

Вольга Маёрава збіраецца зрабіць запыт пра лёс затрыманых міністру ўнутраных спраў Шуневічу. З патрабаваннем іх неадкладнага вызвалення.

 Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара