Вячаслаў Сіўчык аштрафаваны на 50 базавых



У Цэнтральным судзе сталіцы адбылося слуханне адміністрацыйнай справы сябра Рады Беларускага Нацыянальнага кангрэса, першага старшыні незарэгістраванага руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка. Яму інкрымінавалася «арганізацыя і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу» 15 траўня ў скверы Янкі Купалы. Дзе адбываўся ўстаноўчы з’езд кангрэса. Учора праз адваката яму была ўручаная позва з паперай аб прымусовай яўцы.

Зранку тэлефон Сіўчыка не адказваў. Таму ўсе, хто прыйшоў падтрымаць яго на суд, кінуліся да аўтазака, думаючы, што яго прывезлі пад канвоем. Аднак, услед з усмешкай з’явіўся сам Вячаслаў, але яго навіны не былі вясёлымі. З-за начных цкаванняў сына ў фэйсбуку, ў маці, Галіны Васільеўны, здарыўся сардэчны прыступ.

Тым ня менш, суддзя Іван Майсейчык паведаміў, што справы аб’яднаныя, а пратакол на 6 чэрвеня адазваны.

У якасці сведак выступілі амапаўцы Алег Лук’янаў ды Раман Бліноўскі. Паводле адваката Маслава, пратаколы з іх паказаннямі былі складзены слова ў слова, нібы, пад капірку. Іх не апытвалі ў РУУС, не памяталі яны і хто складаў пратаколы.

На судзе прысутнічалі літоўскія дыпламаты.

Вячаславу Сіўчыку прысуджаны штраф у 50 базавых велічынь, што складае 10 мільёнаў 500 тысяч рублёў. У 16.30 у тым жа судзе па тых жа артыкулах пачнецца суд над кіраўніком прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзем Фядынічам.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара