Выбары пад прымусам



На выбарчым участку №11, размешчаным у Кастрычніцкім раёне Менска, у Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы, за першыя дзве гадзіны датэрміновага галасавання прагаласавалі 85 чалавек, з іх 80 – студэнты, паведамляе прэс-служба аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». «Відавочна, што ўжо ў першыя дні студэнтаў заганяюць прымусова на галасаванне», – падкрэсліла каардынатар аргкамітэта БХД па Менску Вольга Кавалькова.

Таксама стала вядома, адзначаюць у прэс-службе, што студэнтам, якія жывуць у інтэрнатах Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, даюць магчымасць не наведваць у перадвыбарчыя дні 9 і 10 кастрычніка навучальную ўстанову і з’ехаць з Менска. Датэрміновае галасаванне пачалося 6 кастрычніка і будзе доўжыцца па 10 кастрычніка.

* * *

І першы дзень галасавання ў Гародні адбываецца пад прымусам. На ўчасткі для галасавання пайшлі студэнты і пенсіянеры. Незалежныя назіральнікі канстатуюць, што ў горадзе адбываецца ціск, і ўжо з раніцы на ўчасткі для галасавання пайшлі людзі. Пра працу назіральнікаў і перавагі аднаго кандыдата над іншымі распавядае абласны міжпартыйны каардынатар кампаніі “Права Выбару” Сяргей Трафімчык:

– Улічваючы тое, што па тэлебачанні толькі адзін кандыдат, а астатніх можна пабачыць толькі на нейкіх улётках ці плакатах, гэта, безумоўна, заўважальны перакос. Але гэта было заўсёды. Усе дзяржаўныя СМІ выкарыстоўваюцца для агітацыі за свайго кандыдата.

Незалежныя назіральнікі:

– На дзіва, ёсць актыўнасць. Людзі ідуць. Ужо чалавек 20 дакладна прагаласавала. Гэта, як правіла, людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту.

– Участак адкрыўся ў 10 гадзін. І з таго часу пачалося досыць актыўнае галасаванне. За першыя паўгадзіны прагаласавала чалавек 7-8. І калі такімі тэмпамі ўсё пойдзе далей, то выбары адбудуцца да галоўнага дня галасавання.  

Прымусовае галасаванне адбываецца ў галоўным корпусе Купалаўскага ўніверсітэта, дзе на ўчасткі для галасавання прыводзяць іншагародніх студэнтаў, патрабуючы з іх пісаць заяву, каб ужо ў пятніцу паехаць дахаты.

Беларускае Радыё Рацыя