Выбары ў Расеі: каментары экспертаў



Ажно 3/4 дэпутатаў будуць прадстаўляць праўладную партыю «Единая Россия» ў новым складзе Дзяржаўнай Думы. Паводле апрацоўкі амаль усіх пратаколаў тэрытарыяльных выбарчых камісій, ніводная з ліберальных партый ня будзе мець прадстаўніцтва ў Ніжняй палаце расейскага парламенту. Агулам у парламенце з’явяцца прадстаўнікі шасці палітычных партый. Аднак, паводле беларускага палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, выбары ў Расеі пры знешнім адрозненні –  падобныя да беларускіх:

– Крэмль як трымаў, так і будзе трымаць парламент пад сваім каўпаком і адной левай праводзіць любыя патрэбныя рашэнні. У гэтым сэнсе дзве аўтарытарныя сістэмы роднасныя.

Яшчэ да правядзення галасавання, улады Украіны заклікалі Захад не прызнаваць вынікаў выбараў у Дзярждуму з-за правядзення выбараў на тэрыторыі анексаванага Крыму. “Вынікаў выбараў не прызнаюць ні ўлады, ні грамадзянская супольнасць”, – кажа каардынатарка аб’яднання Крым СОС Таміла Ташава:

– Пра гэта заявілі шэраг грамадскіх арганізацый, прадстаўнік Украіны ў Радзе Еўропы, міжнародныя арганізацыі, напрыклад, Freedom House. Таму адназначна можна гаварыць, што гэтыя выбары з’яўляюцца нелігітымнымі.

У Крыме і Севастопалі была адзначаная адна з найбольш нізкіх явак. Афіцыйна ў галасаванні прынялі ўдзел 42% жыхароў Крыму. Пры гэтым на ўчастках у раёнах кампактнага пражывання крымскіх татар афіцыйная яўка склала ўсяго 10-25%.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя